На платнай аснове ў Беларусі ад каронавірусу прышчапіліся каля 200 іншаземцаў
Ужо каля 200 замежных грамадзян атрымалі першую прышчэпку супраць COVID-19 у Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Адзначаецца, што за два тыдні (з 15 ліпеня) вакцынацыю на платнай аснове прайшлі грамадзяне Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расеі.
Вакцынацыя замежнікаў ад COVID-19 праводзіцца ў 80 установах аховы здароўя, вызначаных Міністэрствам аховы здароўя.
У міністэрстве нагадалі, што з 15 ліпеня бягучага года па 31 снежня 2022 года ўстаноўлены бязвізавы парадак уезду, часовага знаходжання і выезду з Беларусі замежных грамадзян для вакцынацыі ад каронавірусу. Гэта вызначана ўказам Аляксандра Лукашэнкі ад 1 лiпеня 2021 года № 251. Згодна з дакументам, магчымасць бязвізавага наведвання Беларусі даецца грамадзянам 73 дзяржаў на тэрмін да пяці сутак для вакцынацыі ад COVID-19. Для ўезду ў Беларусь з мэтай вакцынацыі супраць COVID-19 (як першым, так і другім кампанентам вакцыны) замежныя грамадзяне павінны пакінуць заяўку ў інфармацыйнай сістэме, размешчанай на сайце vaccination.by, і атрымаць пацверджанне пра дату, час і месца правядзення вакцынацыі (найменне арганізацыі аховы здароўя).
Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, 921,9 тыс. беларускіх грамадзян прайшлі поўны курс вакцынацыі супраць COVID-19, першую дозу вакцыны атрымалі 1,37 млн. Гэта складае 9,1% колькасці насельніцтва. У Латвіі вакцынаваныя 36,2% насельніцтва, у Літве — 45,7%, Польшчы — 45,57%, Расеі — 16,2%, Украіне — 4,53%. Такія дадзеныя прыводзяцца на інфармацыйна-аналітычным партале аб каронавірусе ourworldindata.org.