На плошчы – за Лукашэнку, у скверы – акцыя памяці
У Пінску, увечары чацвярга, адбыліся адразу два палітычныя мерапрыемствы – на галоўнай плошчы мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, а каля помніка “Партызанам Палесся” – акцыя памяці загінулых пратэстоўцаў.
Раней планавалася, што на плошчы збяруцца прыхільнікі перамен, але з раніцы яе ачапілі і рыхтавалі для праўладнага мерапрыемства. Спікер пінскіх пратэстоўцаў Анатоль Ваткевіч не выключае таго, што гэта зрабілі наўмысна:
– Магчыма, што яны падавалі раней заяўку, але ў мяне такіх фактаў няма. Канешне, ёсць такія думкі, бо ў ходзе агітацыйнага этапу выбараў яны таксама так дзейнічалі – займалі месцы для пікетаў. Тут таксама працуюць. Тут моцная партыя КПБ пад кіраўніцтвам Канеўскага, там хлопцы таксама з досведам. Не магу сказаць дакладна, але магчыма.
Таксама вядома, што ў чацвер прыхільнікі перамен у Пінску збіраліся і каля помніка “Палешуку” ў гістарычным цэнтры і ў дзіцячым парку, каля мясцовага кінатэатра “Перамога”.
Грамадзяне збіраюцца каля помніка “Партызанам Палесся”.
Пачатак сустрэчы з народнымі ўпаўнаважанымі. У нядзелю, 16 жніўня, у ходзе шматтысячнага мітынгу пінчукі абралі 7 спікераў, каб яны прадстаўлялі інтарэсы пінскіх пратэстоўцаў.
Людзі ўважліва слухаюць народных спікераў. Стала вядома, што 23-га жніўня ў Пінску пройдзе Народны сход прыхільнікаў перамен.
Упаўнаважаныя прадстаўляць пазіцыю пінскіх дэманстрантаў: Алесь Рамановіч і Вераніка Іванова.
Зварот да дэпутатаў Пінскага гарадскога Савета і Палаты Прадстаўнікоў агалошвае Вераніка Іванова.
Пытанні да народных спікераў…
Ідзе абмеркаванне звароту, хто пагадзіўся з ім, ставіць подпіс.
Анатоль Ваткевіч, адзін з сямі ўпаўнаважаных, у атачэнні пінчукоў.
“Ланцуг салідарнасці” ў Пінску на адной з цэнтральных гарадскіх вуліц – Першамайскай.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск