На Полаччыне пераследуюць за рэпосты – адразу караюць “суткамі”
Судовая пастанова чакае на пошце жыхара Полацкага раёна Анатоля Каханчыка, гаспадара “апазіцыйнай” хаты, расфарбаванай у колерах нацыянальнага сцяга.

За гэта яго пакаралі яшчэ ў лютым, а цяпер прызналі вінаватым яшчэ і за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (паводле артыкула 19.11 КаАП), кажа спадар Анатоль:
– Нешта там перапосціў у траўні ці ў чэрвені, з Белсату і з Tut.by. Раней жа яны не былі забароненыя! Вось ёсць такі Аляксей Панамароў. Ён за токое ж адсядзеў 7 сутак, прычым ён з Полацка, але адбываць пакаранне яго накіравалі ў Воршу. Каб не маглі перадаць перадачы, і ўвогуле, кажа, усё вельмі жорстка: цыгарэты – нельга, кіпень – нельга, удзень і ўночы ператрусы – “шмон”.
Сам Анатоль Каханчык на ўласны суд не трапіў – ён на самаізаляцыі як кантакт першага ўзроўню з хворым на каронавірус. Чакае суду і полацкі актывіст Свабоднага прафсаюзу Беларускага Віктар Стукаў.

Ён кажа, што рэпосты рабіў яшчэ да таго, як інфармацыйныя рэсурсы былі прызнаныя экстрэмісцкімі, але людзей караюць без увагі на гэта:
– Даслалі мне два пратаколы. Першы за два рэпосты з “Белсату” у Фэйсбуку, а другі за “Одноклассники”, дык там ужо цэлы спіс рэпостаў… Дарэчы, і позву мне выдалі проста ў судзе: я прыйшоў, калі судзілі жынчыну па тым самым артыкуле. Яна выкладчыца вакалу ў Палацы культуры. Прысудзілі ёй 15 сутак.
Віктар Стукаў адзначае, што толькі яму вядомыя 6 ці 7 выпадкаў, калі жыхароў Полаччыны пакаралі за рэпосты, асудзіўшы да арыштаў ад 7 да 15 сутак. Насамрэч такіх фактаў значна болей, бо не ўсе асуджаныя паведамляюць пра гэта праваабаронцам ці грамадскім актывістам.
Беларускае Радыё Рацыя
