На Полаччыне зарэгістравана 144 выпадкі каронавірусу



4 траўня на пасяджэнні гарадскога штаба па прадухіленні распаўсюджвання каронавіруса ў Наваполацку агучылі новую інфармацыю пра захворванне COVID-19 у рэгіёне. Таксама актуальныя афіцыйныя лічбы распаўсюдзілі і ў Полацку.

Наваполацк

Згодна з аператыўнымі звесткамі, у Наваполацку выяўлена 83 выпадкі пацверджанай каронавіруснай інфекцыі.

55 пацыентаў (пяць дзён таму было 48 – заўв. Gorod214.by) праходзяць лячэнне ў стацыянары гарадской бальніцы – гэта жыхары Наваполацка, Полацка і Полацкага раёна. На амбулаторным назіранні знаходзяцца 29 чалавек, у якіх тэст на COVID-19 паказаў станоўчы вынік, але адсутнічаюць клінічныя праявы інфекцыі, і якія маюць магчымасць знаходзіцца на самаізаляцыі.

Зарэгістравана 6 выпадкаў смяротнага зыходу (пяць дзён таму было 4) – гэта пацыенты з цяжкай хранічнай саматычнай паталогіяй, у якіх быў выяўлены COVID-19, піша «Наваполацк сёння».

Цалкам паправіліся на сёння 17 чалавек (пяць дзён таму было 7). Калі казаць асобна пра выпадкі захворвання на пнеўманію, то па дадзеных на восем гадзін раніцы 4 траўня ў наваполацкай бальніцы знаходзілася 84 дарослых і 7 дзяцей з такім дыягназам (пяць дзён таму было 74 і 8).

У рэанімацыі знаходзіцца 4 чалавекі, з якіх толькі адзін далучаны да апарата ШВЛ.

Полацкі раён

У Полацкім раёне з пачатку года выяўлены 61 пацыент з COVID-19. 4 траўня ў стацыянарах на лячэнні знаходзіліся 67 хворых з пнеўманіяй (4 з пацверджаным каронавірусам), 62 дарослых (з іх старэйшыя за 65 гадоў – 9) і 5 дзяцей. Пяцёра пацыентаў у аддзяленні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, трое з іх падлучаныя да апарата ШВЛ, паведамляе «Полацкі веснік».

gorod214.by