На „Полацк-Шкловалакно” баяцца Свабоднага прафсаюза



На ААТ “Полацк-Шкловалакно” не дазваляюць інфармаваць рабочых пра дзейнасць „недзяржаўнага” прафсаюзу.

З гэтым фактам давялося сутыкнуцца прадстаўніку СПБ, былому работніку “Шкловалакна” Віктару Стукаву. 19 ліпеня ён быў запрошаны на сустрэчу з генеральным дырэктарам Алегам Курыліным, і вырашыў размясціць інфармацыйны бюлетэнь пра дзейнасць СПБ на адмысловым стэндзе на прахадной. Раней з гэтым не было някіх праблем, і “пярвічка” Свабоднага прафсаюзу Беларускага мела нават афіцыйна адведзенае месца на стэндзе пра дзейнасць грамадскіх арганізацый. Але спярша размясціць бюлетэнь забараніў начальнік аховы, а потым і сам дырэктар падчас сустрэчы заявіў, што з гэтым пытанем не ўсё так проста.

На думку прафсаюзнага актывіста Віктара Стукава, адміністрацыя не хоча, каб работнікі ўвогуле ведалі пра існаванне “недзяржаўнага”прафсаюзу:

– Вось ім трэба прыдумаць, якім чынам адмовіць, каб гэта не выглядала як парушэнне правоў працоўных, і адначасова не дапусціць з’яўлення інфармацыі пра СПБ на прахадной. Бо тых, хто ўладкоўваецца на працу, адразу змушаюць уступіць у афіцыйны прафсаюз “Белнафтахім”. А так чалавек бы бачыў, што ёсць альтэрнатыва, і мог бы ўступіць у СПБ.

У апошнія гады “пярвічка” СПБ на прадпрыемсте вымушана працаваць у “падпольных” умовах, каб абараніць чальцоў прафсаюзу ад ціску адміністрацыі. Пасля шэрагу звальненняў і пагрозаў не працягнуць працоўны кантракт было прынята рашэнне, каб прафсаюзныя ўнёскі работнікі плацілі не праз бухгалтэрыю, а па ведамасці. У такім выпадку дырэкцыя не будзе ведаць прозвішчаў работнікаў і не зможа ціснуць на іх або пагражаць. У адказ на гэты крок кіраўніцтва заявіла, што “пярвічкі” СПБ на прадпрыемстве няма, адмовіла ў арэндзе памяшкання пад офіс і дамагаецца скасавання рэгістрацыі суполкі. Але заканадаўства не дазваляе наймальніку самавольна спыніць дзейнасць прафсаюзу.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя