На полацкім вакзале адмовіліся мяняць шыльду на беларускамоўную



На полацкім чыгуначным вакзале адмовіліся мяняць шыльду на беларускамоўную – каб усё было зразумела замежным турыстам. Пра гэта гаворыцца ў адказе кіраўніцтва Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі ў адказ на зварот Зоі Долі.

Фота rw.by

Жанчына апублікавала афіцыйны адказ у сваім акаўнце ў «Фэйсбуку», паведамляе «Еўрарадыё».

У адказе чыноўнікі традыцыйна спасылаюцца на тое, што дзяржаўнымі ў Беларусі з’яўляюцца дзве мовы. Пасля гэтага дадаюць: «Безумоўна, беларуская мова зʼяўляецца для жыхароў нашай краіны роднай мовай, аднак у сувязі з актыўным развіццём у  Беларусі турызму і наведваннем краіны і горада Полацка вялікага ліку замежных грамадзян уся інфармацыя на вакзале павінна быць зразумелая і даступная дадзенай катэгорыі грамадзян, незалежна ад ведання беларускай мовы». Пры гэтым падкрэсліваецца, што аўдыёінфармацыя на вакзале даецца па-беларуску і па-руску, а стэнды і паказальнікі зробленыя па-беларуску з піктаграмамі.

Фота Фэйсбук

Прапанову Зоі Долі пра беларускамоўную шыльду абяцаюць улічыць «пры правядзенні капітальнага рамонту будынка вакзала альбо ў рамках яго рэканструкцыі ў далейшым».