На помнік Міндоўгу ў Наваградку патрэбна яшчэ 18 тыс. рублёў



Працягваецца збор грошай на помнік князю Міндоўгу ў Наваградку. 

Цяпер ідзе другі этап стварэння помніка, расказаў Еўрарадыё кіраўнік навагрудскага аддзялення ТБМ Дзмітрый Солтан. Папярэдні праект помніка з эскізам быў ухвалены, скульптары Сяргей Бандарэнка і Павел Лук ствараюць працоўную мадэль помніка. 

„Паралельна са стварэннем мадэлі мы збіраем грошы на канчатковую праектна-каштарысную дакументацыю, архітэктурны план, макет у натуральную велічыню ды іншыя падрыхтоўчыя рэчы. На сённяшні дзень выканкамам і людзьмі папярэдне сабрана 8200 рублёў на гэтыя працы, але патрабуецца яшчэ 18 000 рублёў. Каб праца над помнікам ішла інтэнсіўна і бесперапынна, мы, беларусы, мусім сабраць гэтыя грошы. Ніхто акрамя нас гэта не зробіць”, — падкрэсліў Солтан. 

Вялікая бронзавая конная скульптура Міндоўга ўпрыгожыць цэнтральную плошчу Наваградка. Яе ўстаноўка ўхваленая Міністэрствам культуры.

Рэквізіты для ахвяраванняў:

Аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама УНП 500031377 у ЦБП № 416 г. Навагрудак філіял № 413 ААТ „АСБ Беларусбанк”, г. Ліда БІК AKBBBY21413 BY72AKBB36425210006224200000 (з паметкай „На стварэнне помніка Міндоўгу”)

Міндоўг (1195-1263) быў стваральнікам і першым князем Вялікага княства Літоўскага. Ён стаў першым і апошнім каралём ВКЛ, атрымаўшы гэты тытул ад рымскага папы.

budzma.by