На помніку афганцам апынуліся вайскоўцы з Валожынскай часткі
Ужо некалькі месяцаў жыхары Валожына абмяркоўваюць помнік воінам-інтэрнацыяналістам, які сёлета, 3 ліпеня, быў адкрыты ў іх горадзе. 120 ураджэнцаў Валожыншчыны ваявалі ў Афганістане, трое з іх загінулі.
Сродкі да помнік збіралі ўсім раёнам. Вялікі грашовыя ахвяраванні ўнеслі тыя, хто прайшоў баявое хрышчэнне ў далёкай усходняй краіне.
Эскіз помніка распрацаваў заслужаны скульптар Рэспублікі Беларусь Андрэй Заспіцкі, архітэктарам праекта з’яўляецца Валерый Мітрафанаў. Цяпер у жыхароў горада і раёна нібыта ёсць месца, дзе яны могуць аддаць даніну павагі тым, хто сумленна выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак. Але жыхары Валожына гэтым помнікам вельмі ўстрывожаныя і ўсхваляваныя. Бо ўсе, хто не праходзіць каля помніка, вельмі здзіўляюцца: чаму на ім адлюстраваны фотаздымкі хлопцаў-валожынцаў, якія сёння служаць у мясцовай вайсковай часці? “Доўгіх ім гадоў і здароўя,- кажуць жыхары Валожына, – але бачыць, як да ног жывых людзей ускладаюць вянкі і кветкі, неяк, мякка кажучы, дзіўна і страшна”.
Майстры пастараліся – фота на пліце атрымалася адзін у адзін, так скажам, з арыгіналамі, і ніякіх сумненняў у тым, хто адлюстраваны на граніце, не ўзнікае. Ды і жыхары Валожына іх добра ведаюць.
Вядома, усе скульптары бяруць мадэлямі да сваіх твораў жывых людзей, але індывідуальныя рысы маскіруюць, каб абагульніць вобраз. А ў Валожыне атрымалася наадварот. Жывых хлопцаў-вайскоўцаў зрабілі афганцамі і да іх штогод цяпер будуць ускладваць кветкі. Жыхары Валожына кажуць, што і гэтыя вайскоўцы і іх сваякі незадаволены такім “мастацтвам”, але яны маўчаць, бо іх мясцовыя чыноўнікі проста запалохалі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Валожын
Фота аўтара