На помніку Касцюшкі ўсё ж з’явілася беларуская мова



Помнік Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім горадзе Залатурне адкрыюць 21-га кастрычніка.

Нагадаем, вакол помніка разгарэўся польска-беларускі скандал. На шыльдзе планавалася напісаць: „сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў”, але супраць надпісу выступіла польская амбасада ў Швейцарыі. У якасці кампрамісу застаўся надпіс: „Тадэвуш Касцюшка. 1746–1817. Ад Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі. 2017 год” па-беларуску і нямецку.

Гэты тэкст стаў вынікам кампрамісу пасля канфлікту швейцарскіх беларусаў з польскім паслом Якубам Кумахам. Канфлікт вырашаны, адкрыццё адбудзецца, але без палякаў, паведаміў намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі Алесь Сапега.

На ўрачыстасць прыедуць беларусы замежжа, а таксама дыпламатычныя прадстаўнікі Беларусі, Літвы і Швейцарыі. На ўрачыстасці прагучаць тры гімны, кажа Алесь Сапега:

– Беларускі, швейцарскі і літоўскі, таксама планавалася, што будзе польскі гімн, але да гэтага часу ніякага паведамлення пра тое, ці будзе ўдзельнічаць польскі бок, мы не атрымалі.

– Беларуская амбасада на дыпламатычным узроўні нас падтрымлівала, але ад таго, што яна не прымала непасрэдны ўдзел у камунікацыях ні з мэрам, ні з польскім амбасадарам, то не мела дыпламатычнага права адразу ўмяшацца. Усе перамовы, усю працу вяла беларуская дыяспара. Толькі калі пайшоў сігнал з Міністэрства замежных спраў, каб разабрацца ў гэтым канфлікце, тады беларускі амбасадар меў магчымасць афіцыйна пачаць гэту працу.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя