На поўдні Палесся ў хуткім часе зімы не будзе



Айчынныя эксперты вызначылі, як зменіцца наш клімат у найбліжэйшыя дзесяцігоддзі. Пра гэта ідзе гаворка ў аналітычнай запісцы «Агракліматычнае занаванне тэрыторыі Беларусі з улікам змены клімату». Мы прыводзім знакавыя вытрымкі з гэтага даследавання.

На 2,7 градуса ці нават ужо больш?

З 1989 года ў нас пачаўся самы працяглы перыяд пацяплення за ўвесь час інструментальных назіранняў на працягу апошніх амаль 130 гадоў. За гэты час сярэднегадавая тэмпература паветра ў нашай краіне на 1,3 градуса перавысіла кліматычную норму. У 2015 годзе сярэдняя гадавая тэмпература паветра склала плюс 8,5 градуса, што на 2,7 градуса вышэй за кліматычную норму і сталася самай высокай за ўвесь перыяд, пачынаючы з 1881 года. У выніку пацяплення адбылася змена межаў агракліматычных зон (абласцей): Паўночная агракліматычная вобласць распалася, а на поўдні Беларускага Палесся ўтварылася новая, больш цёплая агракліматычная вобласць. Даследаванні паказваюць, што тэндэнцыі гэтых змен у наступныя дзесяцігоддзі захаваюцца.

Пашырыліся пасевы сланечніку, агародніннага гарошку і спаржавай фасолі

Экспертныя ацэнкі паказваюць, што ўмовы надвор’я прыводзяць да змены валавога прадукту сельскай гаспадаркі ў краіне як мінімум на 15—20 %. У апошнія 20 гадоў у краіне назіраецца наступная эканамічна значная асаблівасць: сярэдні валавы збор збожжа прыкладна 7—8 млн тон, але ў неспрыяльныя па ўмовах надвор’я гады зніжаецца да 5,5—6 млн тон, а ў спрыяльныя — дасягае 9,5 млн тон. Спецыялісты прадказваюць непазбежнасць перабудовы ўсіх сістэм вядзення сельскай гаспадаркі ў выніку зрушэння зон у паўночным напрамку на значныя адлегласці. Так, цяпер ажыццяўляюцца канкрэтныя мерапрыемствы па адаптацыі сельскай гаспадаркі да змены клімату. За апошнія гады значна павялічыліся пасяўныя плошчы кукурузы на зерне. У гаспадарках Брэсцкай і Гомельскай абласцей укараняецца ў вытворчасць азімы ячмень, уборку яго пачынаюць на два-тры тыдні раней за іншыя культуры. Гэта таксама дзякуючы павелічэнню сумарных тэмператур у чэрвені—ліпені. Узраслі пасяўныя плошчы рапсу на насенне. У паўднёвых абласцях штогод праводзіцца пасеў соі (да пяці тысяч га), пашырыліся пасевы сланечніку, агародніннага гарошку, цукровай кукурузы, спаржавай фасолі.

Асвоена вырошчванне ранніх цеплалюбівых сартоў бульбы. Працягваюцца работы па стварэнні прамысловых плантацый вінаграду, вядуцца работы па пашырэнні плошчаў бахчавых культур.

Клімат падчас пацяплення

Упершыню змена межаў агракліматычных абласцей у выніку сучасных змен клімату і з’яўленне новай агракліматычнай вобласці адзначана ў 2004 годзе. Цёплае надвор’е ў перыяды актыўнай вегетацыі наступных гадоў (асабліва анамальна спякотнае лета ў 2010, 2014, 2015 гадах) яшчэ больш змянілі мяжу агракліматычных абласцей і пашырылі межы новай агракліматычныя вобласці. Яе мяжа на Гомельшчыне зрушылася на поўнач, асабліва на паўднёвым усходзе рэгіёна.

Клімат Беларусі вызначаюць як умерана кантынентальны. Сярэднегадавая тэмпература паветра складае 7,1 градуса. Сярэднегадавыя тэмпературы змяняюцца ад плюс 6,4 градуса ў Віцебскай вобласці да плюс 7,8 градуса ў Брэсцкай вобласці. Самы цёплы месяц ліпень — 18,9 градуса, самы халодны студзень — мінус 3,9 градуса. Гадавая сума ападкаў складае 652 мм найбольшая колькасць ападкаў выпадае на Навагрудскім узвышшы — у сярэднім 745 мм, найменшая — на захадзе краіны, у Гродне — за год у сярэднім выпадае 548 мм ападкаў. Каля 70 % гадавой сумы ападкаў прыпадае на цёплы перыяд, калі ідуць ліўневыя дажджы.

Снежнае покрыва на тэрыторыі краіны ляжыць ад 64 дзён — на паўднёвым захадзе і да 115 дзён — на паўночным усходзе.

Два сцэнарыі — ніводнага пахаладання

Даследчыкі вывучылі некалькі кліматычных мадэляў, каб спрагназаваць змены клімату. Аўтары разглядаюць два сцэнарыі: сярэдняга антрапагеннага радыяцыйнага ўздзеяння і жорсткага. Другі сцэнарый ацэньваецца як малаверагодны.

Прагнозы, зробленыя на перыяд 2010—2039 гадоў, паказваюць павелічэнне сярэднегадавой тэмпературы паветра на адзін градус. Паводле першага сцэнарыя прагнозныя ацэнкі агракліматычных паказчыкаў наступныя: пачатак перыядаў з тэмпературай вышэй за 10 градусаў можна чакаць вясной на 3—7 дзён раней, а ўвосень яны будуць заканчвацца на 2—6 дзён пазней, што забяспечыць павелічэнне працягласці вегетацыйнага перыяду амаль на два тыдні.

Больш за тое, працягласць цёплага перыяду з сумай тэмператур паветра вышэй за нуль да 2041—2060 гадоў у сярэднім узрасце на 35 дзён і будзе вагацца ад 280 да 310 дзён. «А на крайнім паўднёвым захадзе ў раёне Брэста сярэдняя працягласць такога перыяду складзе 365 дзён, гэта значыць зімы не будзе», — сказана ў дакуменце. Сярэднія тэмпературы ў розныя поры года вырастуць на 1,6—2,4 градуса. Чакаецца нязначнае павелічэнне колькасці ападкаў восенню і зімой. Увесну і ўлетку іх колькасць практычна не зменіцца, але ўвільгатненне сельгаскультур летам знізіцца з-за павышэння тэмпературы паветра.

Жорсткі сцэнарый прадугледжвае павелічэнне цёплага перыяду з сумай тэмператур паветра вышэй за нуль да 2041—2060 гадоў на 54 дні. Сярэднія тэмпературы ў розныя поры года вырастуць на 2,3—3,1 градуса. У гэтым выпадку летам з-за высокіх тэмператур і недахопу вільгаці засушлівасць тэрыторыі будзе ўзрастаць, што запатрабуе ўнясення змен у тэхналогіі вырошчвання шэрагу сельгаскультур.

У наступныя дзесяцігоддзі ў краіне чакаюцца новыя змены межаў агракліматычных зон. «Цэнтральная агракліматычная вобласць да 2030 года фактычна распадзецца, а яе месца зойме былая паўднёвая вобласць. Пры гэтым практычна на ўсёй тэрыторыі краіны магчыма будзе вырошчванне кукурузы на зерне, сланечніку. Новая агракліматычная вобласць прасунецца далёка на поўнач і зойме месца паўднёвай, а на поўдні краіны з’явяцца яшчэ больш цёплыя агракліматычныя вобласці.

Плюсоў больш, чым мінусаў

У цэлым у шэрагу раёнаў на тэрыторыі краіны могуць скласціся больш спрыяльныя ўмовы для сельскай гаспадаркі (у прыватнасці, раслінаводства) па паказчыках забяспечанасці цяплом. Працягнецца паляпшэнне ўмоў перазімоўкі азімых культур, больш ранні надыход вясновых працэсаў і тэрмінаў сяўбы яравых культур; паскарэнне выспявання збожжавых культур і тэрмінаў іх уборкі. Рост прадукцыйнасці сельскагаспадарчай вытворчасці можа быць забяспечаны за кошт укаранення і пашырэння пасеваў больш цеплалюбівых і больш ураджайных культур, такіх як кукуруза на зерне, сланечніку, буракоў, больш цеплалюбівых кармавых (соі, люцэрны і інш.) Пасевы паржышчавых культур умацуюць кармавую базу жывёлагадоўлі.

У той жа час чакаецца пагаршэнне паказчыкаў вільгацезабяспечанасці глебы, павышэнне рызыкі засух. Гэтыя, а таксама іншыя фактары (негатыўнае ўздзеянне высокіх тэмператур, распаўсюджванне шкоднікаў і інвазійных відаў, рызыка паводак, пажараў і г. д.) могуць стаць сур’ёзнымі абмежавальнымі фактарамі для выкарыстання новых магчымасцяў.

У далейшым межы агракліматычных зон павінны ўдакладняцца не радзей аднаго разу за дзесяцігоддзе, лічаць спецыялісты.

Сяргей КУРКАЧ,  zviazda.by