На прадпрыемстве „Рэчыцадрэў” павесіўся 22-гадовы работнік
У ААТ „Рэчыцадрэў” павесіўся 22-гадовы работнік. Яго цела калегі выявілі раніцай 20 чэрвеня ў адным з вытворчых будынкаў — малады чалавек працаваў у начную змену.
Гэтую інфармацыю ў ААТ „Рэчыцадрэў” неафіцыйна пацвердзілі, але адмовіліся паведамляць падрабязнасці трагедыі, спасылаючыся на распараджэнне кіраўніцтва.
Як мяркуецца, рабочы здзейсніў суіцыд, яго матывы ўстанаўлівае следства. Вядома, што малады чалавек нядаўна ўладкаваўся на працу. Яго сябры пішуць у сацсетцы спачуванні і выказваюць здзіўленне, што магло штурхнуць хлопца на самагубства. Сам ён апошні раз заходзіў у сацсетку ў ноч трагедыі. Мяркуючы па запісах, малады чалавек захапляўся аўтамабілямі, у той жа час ён рабіў перапосты дэпрэсіўных карцінак.