Праваабаронцаў «Вясны» будуць судзіць за «кантрабанду»



Следчы камітэт вёў крымінальную справу супраць праваабаронцаў цэнтру “Вясна” па артыкуле за “кантрабанду”. Пра гэта ў інтэрв’ю «СБ. Беларусь сегодня” паведаміў намеснік старшыні СК Анатоль Васільеў.

«Удалося ўстанавіць, што яны маюць дачыненне да кантрабанды валютных сродкаў, а гэта не менш за 290 тысяч даляраў ЗША, якія былі перамешчаныя наяўнымі праз мяжу.

Пры гэтым гэтая сума – толькі тое, што следчыя зафіксавалі і даказалі. Яны ўпэўненыя, што гэтых сродкаў было куды больш. Акрамя кантрабанды, гэтыя дзеянні кваліфікаваныя следствам як падрыхтоўка і фінансаванне асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, у тым ліку аплаты штрафаў тых асоб, якія здзейснілі правапарушэнні», – заявіў ён.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

Кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч знаходзяцца пад вартай з ліпеня 2021 года. Падрабязнасці іх справы невядомыя, бо адвакаты далі падпіску аб неразгалошванні.

reform.by