На прэм’еру „Авеля” квіткоў няма (абноўлена)



У сталічным кінатэатры “Масква” увечары чакаецца прэм’ера скандальнага мастацкага фільма “Мы, браты”. Кінастужка  першапачаткова мела назоў “Авель”, у замежным кінапракаце “Код Каіна”. Праект карціны ў свой час перамог у конкурсе Міністэрства культуры на стварэнне нацыянальнага кіно і атрымаў на здымкі 20 мільярдаў рублёў, палову з якіх ужо “з’ела” інфляцыя. Фільм завочна быў абвешчаны адказам на незалежніцкую стужку “Жыве Беларусь”.

У яго ўвайшла сцэна, прысвечаная прэзідэнцкім выбарам 2010 года і Плошчы.  Кажа прадзюсар фільма “Мы, браты”, кіраўнік кінакампаніі “Nonstop Media” Сяргей Ждановіч:

– Ёсць пэўны графік у межах пагаднення з Міністэрствам культуры, які дазваляе нам мець дастатковую колькасць часу на прамоўшан падрыхтоўку. Я гэтую стужку бачу яшчэ і камерцыйна апраўданай. Па кантракту мы не абавязаны вяртаць грошы. Але я стаўлю за мэту не проста вярнуць 20 млрд, але яшчэ і зарабіць. Не проста выканаць задачу, а перавыканаць яе.

Тым ня меньш, прэм’ера фільма “Мы, браты”, што прайшла днямі на расейскім фэсце “Кінашок”, атрымала статус “галоўнага расчаравання”. У адкрытым продажы квіткоў на сённяшнюю  98-хвілінную  прэм’еру не было. Але стужку будуць паказваць у менскім кінатэатрах “Беларусь” і  “Масква”.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * *

На прэм’еру скандальнага фільма „Мы, браты” (першапачаткова – „Авель„, а ў замежным пракаце – „Код Каіна„), якая адбудзецца 24 верасня ў сталічным кінатэатры „Масква”, у касах кінатэатра квіткоў няма.

У адкрытым продажы іх і не было, усе свабодныя квіткі забрала Міністэрства культуры, паведамляе Еўрарадыё.

Аднак магчымасць паглядзець скандальную стужку у жадаючых будзе. „Мы, браты” будуць круціць з 1 па 4 кастрычніка ў кінатэатры Беларусь у 21:40. 1 і 2 кастрычніка будуць сеансы ў 14:30, а 3 і 4 кастрычніка ў 12.40. 2 кастрычніка ў 19:15 фільм таксама пакажуць у „Маскве”.

Нагадаем, фільм „Мы, браты …” стаў вядомы тым, што ў яго ўвайшла сцэна, прысвечаная прэзідэнцкім выбарам 2010 года і Плошчы. На працягу ўсяго стварэння стужкі яе суправаджалі скандалы. Праект карціны ў свой час перамог у конкурсе Мінкульта на стварэнне нацыянальнага кіно і атрымаў на здымкі 20 мільярдаў рублёў.

Журналіст Радыё Рацыя сустракаўся з кіраўніком незалежнай кінакампаніі “Nonstop Media” Сяргеем Ждановічам, які з’яўяецца рэжысёрам фільма.

Прэм’ера стужкі прайшла на расійскім кінафестывалі „Кінашок” у Анапе 13 верасня, дзе карціна атрымала статус „галоўнага расчаравання” фестывалю.