Прэтэндэнты на прэмію імя Віктара Сырыцы



Рух “За свабоду” другі раз уручыць прэмію імя Віктара Сырыцы за выбітныя рэгіянальныя ініцыятывы і падзеі. У шорт-ліст за 2017 год увайшлі наступныя асобы:

Вольга ДАМАСКІНА, якая намінуецца за арганізацыю сустрэчаў у межах праекта папулярызацыі беларускай мовы «Жывая Мова». З лютага па ліпень 2017 года адбываліся штотыднёвыя інтэрактыўныя моўныя сустрэчы (24 сустрэчы), імпрэзы-дыскусіі з беларускамоўнымі гісторыкамі, медыкамі, этнографамі, мастацтвазнаўцамі, літаратурнымі і культурнымі дзеячамі, музыкамі, праваабаронцамі, і людзьмі іншых прафесій, ладзіліся прагляды фільмаў, праводзіліся майстар-класы па традыцыйным рамёствам, спевам і танцам. Іх наведала агулам больш за 750 чалавек.

ВАЛЕР МІНЕЦ, ВІТОЛЬД АШУРАК і іншыя асобы, якія намінуюцца за рэканструкцыю і ўпарадкаванне месца пахавання паўстанцаў 1863 г. Акрамя рэканструкцыі і добраўпарадкавання, на магіле патрыётаў быў усталяваны памятны камень з выявай гербу паўстання і надпісам „Невядомым паўстанцам 1863 г.”

ЗМІЦЕР ЮРКЕВІЧ, які намінуецца за правядзенне летам 2017 года мастацка-гістарычнага фестывалю “Дах” пад Баранавічам, які сабраў да 100 удзельнікаў і гасцей і скіраваны на аднаўленне памяці пра Тадэвуша Рэйтана.

АНДРЭЙ ЮРКОЎ, які намінуецца за арганізацыю і правядзення Дня Волі ў Горках. Штогод мясцовыя актывісты раздаюць віншавальныя паштоўкі студэнтам мясцовай акадэміі на ўгодкі БНР. Добраўпарадкваюць і ўскладаюць кветкі на магілу студэнта, удзельніка паўстання 1863 года, Войцеха Дамарацкага. У 2017 годзе студэнты атрымалі паштоўкі, прысвечаныя 100-годдзю бел-чырвона-белага сцяга. У акцыі ўдзельнічалі каля 700 чалавек – студэнтаў, якія атрымалі паштоўкі, распаўсюднікаў, удзельнікаў ускладання кветак.

ЯЎГЕН МЕРКІС, які намінуецца за арганізацыю адукацыйна-асветніцкага праекту KRAJAVID, які мае на мэце стварэнне відэа па гісторыі, культуры і адметнасцях нашага краю. Створаны ютуб-канал, колькасць праглядаў аднаго роліку дасягае 6000.

ІГАР СЛУЧАК, які намінуецца за сістэматычную кампанію па прасоўванні ўжывання беларускай мовы ў разнастайных сферах дзейнасці дзяржавы і грамадства „Справаводства па-беларуску”.

ЮРЫ ПАЛОНСКІ, які намінуецца за арганізацыю Рыцарскага фестывалю „Гонар продкаў” у Вілейцы з рыцарскімі баямі клубаў з розных рэгіёнаў і ўдзелам рамеснікаў.

Беларускае Радыё Рацыя