На Пружаншчыне асвяцілі помнік паўстанцам 1863-1864 гадоў



Ля вёскі Ласасін Пружанскага раёну адбылося асвячэнне помніка палеглым паўстанцам 1863-1864 гадоў.

На ўрачыстасцях прысутнічалі сябры мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы (ТБМ), прадстаўнікі інтэлігенцыі з Берасця, Гародні, Пружанаў, а таксама святары. Свой верш зачытаў колішні галоўны рэдактар пружанскай газеты „Раённыя будні”, адзін з тых, хто аднаўляў помнік напрыканцы 80-х гадоў, Мікола Антаноўскі:

– Помніць край сасновы, верасовы, як з “Мужыцкай праўдаю” на прызбах, дзецюкі і хлопцы кастусёвы зрэбнаю свабодай трызнілі. А пасля, абняўшы сохі з жалем, косы – з-пад застрэшкаў і – наўсторч… Касінераў без труны хавалі, палажыўшы пад галовы корч. Ды не гэта страшыла іх душы. Горш за смерць – пазбавіцца надзей. Будуць маскалі, паны, чынушы дзерці і далей сем шкур з людзей. Хай палеглі тут, у вольнай пушчы, зіпуны і світкі на зары. Мой народ, я веру, неўміручы. Бо нашчадкам Волю падарыў.

Помнік на магіле, у якой пахаваныя парэшткі сарака чалавек, быў усталяваны яшчэ ў міжваенныя часы другой Рэчы Паспалітай. Пазней, з прыходам Саветаў, яго зруйнавалі, і ўжо на хвалі беларускага адраджэння напрыканцы 1980-х высілкамі мясцовых ТБМ і БНФ аднавілі. Ужо ў найноўшай гісторыі, у 1998 годзе, помнік быў расстраляны падчас вучэнняў, бо знаходзіцца цяпер ён на тэрыторыі вайсковага палігону вайскова-паветраных сілаў. У 2000-м была зроблена новая пліта і адбылося яе ўсталяванне над магілай паўстанцаў. Мясцовая грамада перыядычна ладзіць сюды экскурсіі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

[Not a valid template]

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пружаны

Фота аўтара