На Пружаншчыне шмат парушэнняў на выбарчых участках
Чыноўнікі Бярозаўскага, Івацэвіцкага і Пружанскага раёнаў перавыканаюць план па працэнтах прагаласаваўшых за Аляксандра Лукашэнку. У камісіях толькі свае людзі, якія ўпэўнены ў сваёй беспакаранасці.
Незалежныя назіральнікі з гэтых раёнаў кожны дзень фіксуюць прыпіскі колькасці прагаласаваўшых, адзначаюць непадрыхтаванасць па закону ўчасткаў для галасавання, указваюць на скрынкі з вялікімі шчылінамі.
Кажа Мікола Папека, назіральнік з Пружан на ўчастку №2:
– Апламбаваная скрыня, але там ёсць такая шчыліна, што можа і смартфон улезці. Выбарчая дзялянка не абсталявана да выбараў. Тое, чым яны карыстаюцца для апламбавання сваіх скрынь – пластылін, а не сургуч. Напісана аднолькава чатыры словы – “Рэспубліка Беларусь выбарчы ўчастак”. Прагаласавала 9 чалавек, а яны вывешваюць пратакол, у якім прагаласавала 24 чалавекі.
Незалежнаму назіральніку Анатолю Бяленку з Бярозы, участак №9, зрабілі правакацыю, падкінуўшы на стол у калідоры агітацыйныя ўлёткі за Ціханоўскую і абвінавацілі, што гэта ён іх прынёс. Вынеслі папярэджанне, а на наступны дзень не дазволілі прысутнічаць не толькі на ўчастку, але нават каля ўчастка ў калідоры. Станіслаў Халадовіч з Івацэвіч, участак №12, адзначае, што праўладныя назіральнікі адсутнічаюць на ўчастку, але і яму не дазваляюць. Для гэтага складзены графік.
Паводле назіральнікаў, яны пішуць скаргі, але абсалютна безвынікова.
Беларускае Радыё Рацыя