На Радуніцу ў Палескі радыяцыйны запаведнік не паедуць беларусы-замежнікі
Пакуль, прынамсі, да беларускіх памежнікаў зваротаў ад іншаземцаў беларускага паходжання наконт наведвання могілак, дзе пахаваныя іх сваякі, не было.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў старэйшы афіцэр упраўлення аховы мяжы Дзяржаўнага памежнага камітэту Іван Сяргееў.
– Кожны год, так як вялікая колькасць могілак, гэты запаведнік наведвае вялікая колькасць замежнікаў – гэта жыхары Украіны і Расеі ў асноўным. Цяпер заяваў на атрыманне пропускаў туды намі не зафіксавана. Пакуль што людзі туды ехаць не хочуць або іх не выпускаюць. Але разам з тым, калі з’явяцца іншаземцы, якія захочуць наведаць гэты запаведнік, мы будзем, канешне, працаваць у штатным рэжыме і будзем гатовыя выдаць пропуск на ўезд на месцы.
Да пандэміі каронавірусу Міністэрства па надзвычайных сітуацыях прагназавала на Радуніцу 15.000 наведнікаў могілак у зоне адсялення і Палескім радыяцыйным запаведніку. Зараз у Міністэрстве ўстрымліваюцца ад прагнозу, але абяцаюць спрыянне ахвотным прыехаць да спачылых сваякоў на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя