На разгляд „карагоднай справы” пусцілі журналістаў недзяржаўных СМІ
У судзе Маскоўскага раёна Берасця 15 красавіка пачаўся трэці працэс па так званай „карагоднай справе”. Раней у яго межах асудзілі 18 чалавек — ім прысудзілі ад года „хатняй хіміі” да года і васьмі месяцаў калоніі, паведамляе belapan.by.
Працэс вядзе Іна Клышпач.
У залу судовых пасяджэнняў не пусцілі журналістаў БелаПАН і „Брестской газеты”, а таксама яшчэ больш за 30 чалавек. Абвінавачаныя запатрабавалі прапусціць іх, заявілі адвод суду і адмовіліся сесці да выканання гэтых патрабаванняў. У выніку частка людзей, якія прыйшлі на суд, і карэспандэнты БелаПАН Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава змаглі прайсці ў залу, але ў адводзе суда было адмоўлена. Прадстаўнікі „Брестской газеты” пайшлі, не дачакаўшыся рашэння суда.
Як паведамляе Тут.бай, на лаве падсудных яшчэ 14 чалавек, сярод іх: Вікторыя Лысковіч з дачкой Аленай, 63-гадовая жыхарка Пружан Алена Гнаўк, а таксама Валянціна Жукоўская і Сяргей Наліўка, якіх павінны былі судзіць з другой дзясяткай «хараводнікаў», але яны не маглі наведваць паседжанні па стане здароўя. Адзін з абвінавачаных – 24-гадовы расіянін Даніла Чамаданаў – да суду амаль тры месяцы правёў у СІЗА.
Акцыя, у сувязі з якой судзяць берасцейцаў, прайшла 13 верасня 2020 года ў абласным цэнтры. У той дзень пратэстоўцы вадзілі карагоды на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвараў Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Удзельнікі абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Усяго па гэтай справе праходзіць больш за 70 чалавек.
Фота: Следчага камітэту