На развітанне. Пра жыццё, Свёнтка і Капусцінскага



У Пінску не стала Гэлены Шаламіцкай (1927-2019). Гэта чалавек з вялікім жыццёвым шляхам, напоўненым цяжкімі выпрабаваннямі, але пройдзены годна. Мужная постаць, якая з’яўляецца сведкай і удзельніцай самых трагічных падзей мінулага стагоддзя.

Гэлена Шаламіцкая стаяла ў вытокаў і працяглы час узначальвала мясцовае Таварыства ахвяраў палітычных рэпрэсій (Таварыства сібіракаў). Прымала актыўны ўдзел у стварэнні пінскай арганізацыі тады яшчэ адзінага Саюзу палякаў Беларусі. У часы атэістычнай улады, знявагі рэлігіі, не адышла ад касцёла і ўсяляк спрыяла адраджэнню хрысціянскага жыцця ў Пінску.

Гэлена Шаламіцкая – яскравы прыклад таго, што людзі, якія прайшлі праз сталінскія рэпрэсіі і цудам лёсу ацалелі, займелі незвычайную моц, прагу да жыцця. Яны нібы атрымалі прышчэпку, якая не дазваляла сумаваць, апускаць рукі. Яна выжыла ў ГАЛАГу, а гэта выпала далёка не кожнаму з вязняў.

З роднага Пінска 13-гадовую Гэлену з сям’ёй выслалі за тое, што родны брат служыў афіцэрам польскага войска, а гэта быў вельмі важны чыннік для бальшавікоў. Іх дэпартавалі цягніком у ноч з 19 на 20 чэрвеня 1941 года. Так-так, літаральна за суткі да нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. Сама пані Гэля казала, што ёй куды больш пашчасціла, чым пінчукам, хто застаўся ў лапах НКУС.

Пасля сям’я вярталася ў Пінск толькі з-за таго, каб даведацца будзь-якія звесткі пра сына, але нічога. Верагодна, што яго расстралялі, і можа нават у Катыні. З цягам часу вырашылі зрабіць сімвалічную магілу на старажытных могілках Пінска. Усё жыццё пайшло з нуля, цяжкае, з ярмом на шыі “вораг народа”.

У 1954 годзе ў горад над Пінай прыехаў Казімір Свёнтэк, які знаходзіўся ў зняволенні звыш 10 гадоў. Для многіх пінчукоў ягонае з’яўленне стала збаўленнем, промнем, які асвятліў шлях у цемры. Адрадзілася касцёльнае жыццё, каталікі кансалідаваліся і разам перанеслі панаванне атэістычнай улады.

Напачатку 1990 гадоў пры Саюзе палякаў Беларусі пачало дзейнічаць Таварыства ахвяраў палітычных рэпрэсій. У Пінску ў стварэнні таварыства “Сібіракаў” актыўны ўдзел узяла Гэлена Шаламіцкая. Да апошніх гадоў, пакуль дазваляла здароўе, выязджала на штогадовы Марш Сібіракаў, які ладзіцца ў Польшчы. Цяпер яе не стала…

Застанецца светлая памяць, прыклад годнага, нескаронага жыцця. Таксама застануцца няхай невялічкія, але цёплыя ўспаміны пані Гэлены, запісаныя ў свой час аўтарам гэтых радкоў для Беларускага Радыё Рацыя.

Трохі пра жыццё і першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтка. Дарэчы, тады ж сваімі ўспамінамі падзялілася яшчэ адна карэнная пінчанка Альбіна Смолка (1928-2018), але, каб прыгадаць яе словы, будзе іншая нагода.

Пра ўраджэнца Пінска Рышарда Капусцінскага, які стаў вядомым польскім пісьменнікам, журналістам:

Беларускае Радыё Рацыя