На рэдактара сайта Intex-press склалі пратакол за экстрэмісцкія матэрыялы



Рэдактара сайта баранавіцкай газеты Intex-press Руслана Равяку 4 студзеня выклікалі ў Баранавіцкі гарадскі аддзел унутраных спраў „для апытання па матэрыяле праверкі”.

У міліцыі журналіст даведаўся, што ў дачыненні да яго пачалі адміністрацыйную справу паводле арт. 19.11 КаАП, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Высветлілася, што ў камп’ютары, які быў забраны ў Руслана Равякі супрацоўнікамі КДБ у ліпені 2021 года падчас вобшуку ў рэдакцыі Intex-press, знайшлі экстрэмісцкі матэрыял – кнігу Адольфа Гітлера „Мая барацьба”.

Як тлумачыць сам журналіст, гэтым камп’ютарам ён карыстаўся дзесьці з 2013 ці 2015 года, але файл са згаданай кнігай пазначаны 2007 годам.

„На мяне склалі адміністрацыйны пратакол за захоўванне матэрыялаў, унесеных у спіс экстрэмісцкіх. Я напісаў, што не згодны з пратаколам, бо не ведаю, адкуль у камп’ютары з’явіўся гэты файл”, – распавёў Руслан Равяка.

Суд па гэтай справе прызначаны на 12 студзеня ў Баранавічах. Камп’ютар журналіста зараз знаходзіцца ў міліцыі.