На рэстаўрацыю Старога замку ў Гародні недастаткова сродкаў
У дзяржаўную праграму “Замкі Беларусі” ўключана шэсць замкаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці. У той час як у Мірскім замку рэстаўрацыйныя працы скончаныя, рамонтна-аднаўленчыя працы пачаліся ці працягваюцца ў Гародні, Наваградку, Лідзе, Гальшанах і Любчы. Нягледзячы на тое, што фінансаванне будаўнічых працаў ажыццяўляецца паводле дзяржаўнай праграмы, памеры ўкладанняў зусім не адпавядаюць патрэбным аб’ёмам. Прыкладам, пачатак праектных працаў у гарадзенскім Старым замку прафінансаваны ў памеры толькі 5 мільярдаў рублёў, у той час як сродкаў патрабуецца ў дзясяткі разоў болей. Але, па словах дырэктара гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрыя Кітуркі, спадзеў на тое, што замак адновіцца, хоць і прывідны, але ўсё ж такі існуе:
– Палац, ды і ўвесь Стары замак павінен быць адноўлены ў тым выглядзе, які быў за часамі караля Стэфана Баторыя. І на сённяшні дзень сітуацыя такая – увесь працэс рэканструкцыі Старога замку разбіты на тры этапы. Першы – гэта рэканструкцыя ўваходнай групы і сцяны з боку Нёмана.
Адной з адметных рысаў сучаснай беларускай “рэстаўрацыі” з’яўляецца адсутнасць спецыялістаў, на месцы якіх у большасці выпадкаў працуюць будаўнікі. Вынікі такіх працаў зазвычай не адпавядаюць патрабаванням навукоўцаў і з’яўляюцца аб’ектам крытыкі.
Беларускае Радыё Рацыя