Мікалая Чарнавуса выклікаюць ў пракуратуру



Лідара прадпрымальнікаў Мікалая Чарнавуса з Баранавічаў 4 сакавіка выклікаюць ў пракуратуру. Ён атрымаў позву з абласной пракуратуры. Прычына выкліку невядомая:

 – Выклікае старэйшы пракурор упраўлення бяспекі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Выклікае на 10.30 невядома па якой прычыне. Нават не магу ўявіць, па якой: не забіваў, не краў, не біў нікога.

Паводле Мікалая Чарнавуса, застаецца толькі адно пытанне: хто павесіў плакат з заклікам да байкоту і нявыхаду на працу прадпрымальнікаў з першага сакавіка. Плакат з’явіўся блізу гандлёвай кропкі Чарнавуса, ён кажа, што яго не вывешваў, аднак якраз у гэтым яго і абвінавачваюць.

* * *

У лютым 2015 году на кааператыўным рынку ў Баранавічах з’явіўся заклік да байкоту Указа Аляксандра Лукашэнкі № 222, які ўступае ў сілу з 1 сакавіка.

im99999go

Паводле прадпрымальніка Міколы Чарнавуса, новы дырэктар рынка прад’явіў абвінавачванні менавіта яму:

 – Дырэктар падыйшоў да мяне і сказаў: “Гэта Вы, Чарнавус, павесілі гэты плакаn”. Я гавару: “Не, не я”. А ён: “Не, гэта Вы павесілі!” і пачаў даказваць і пагражаць, што ён мне “яшчэ пакажа”, на што ён здольны. На што я адказаў, што я іх і яго цудоўна ведаю, што ўсе вы з’яўляецеся “жулікамі”. Тады ён змоўчаў.

З 1 сакавіка прадпрымальнікі павінны мець дакументы на тавар і сертыфікаты ад пастаўшчыка. Але ў Маскве, дзе яны бяруць тавар, сертыфікатаў не даюць. Калі даюць, то няма ўпэўненасці, што яны не фальшывыя.

Быў выпадак у бярозаўскіх прадпрымальнікаў, калі з 5 сертыфікатаў 3 былі фальшывымі. Тавар па такіх сертыфікатах будзе канфіскаваны, а прадпрымальнік аштрафаваны.

Баранавіцкія прадпрымальнікі вырашылі з 1 сакавіка не выходзіць на працу, не аплочваць адзіны падатак і арэндную плату.

Беларускае Радыё Рацыя