На сайце анлайн-праекта „Голас” зарэгістравалася паўмільёна чалавек



Паўмільёна чалавек зарэгістравалася блізу вечара 28 ліпеня на сайце анлайн-праекта „Голас” па абароне галасоў выбаршчыкаў.

Пра старт праекта было абвешчана 23 ліпеня ў Барысаве (Менская вобласць) на агітацыйным мітынгу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

На сайце праекта belarus2020.org падкрэсліваецца, што ён „не замяняе сабой галасаванне і не з’яўляецца экзітполам. Выбаршчыкі самі паведамляюць аб сваім выбары”. „Мы хочам пераканацца ў сумленным падліку галасоў і выкарыстаць для гэтага тэхналогіі. Хто б ні перамог, мы хочам, каб гэта было сумленна”, — адзначаюць распрацоўшчыкі.

Выбаршчыкам прапанаваны пакрокавы план дзеянняў: „Пераходзьце ў чат з ботам у Telegram або Viber і выбірайце, як будзеце галасаваць. Бот прапануе выбраць ваш участак. У дзень галасавання зрабіце фота бюлетэня з выбарам і адпраўце ў чат з ботам (гэта можна зрабіць і пасля 9 жніўня). Сістэма падлічыць вынікі па кожным участку. Яны будуць апублікаваныя пасля афіцыйных вынікаў выбараў. Кожны зможа пералічыць галасы па любым участку. Каб адправіць фота бюлетэня, неабходныя Viber або Telegram, прывязаныя да нумара беларускага аператара. Пераходзьце зараз”.

„Мы хочам атрымаць аб’ектыўную інфармацыю аб самай важнай падзеі ў краіне — выбарах прэзідэнта. Мы хочам даць кожнаму магчымасць пералічыць галасы па фота на кожным участку. Мы хочам пераканацца ў сумленным падліку галасоў і выкарыстаць для гэтага тэхналогіі. Хто б ні перамог, мы хочам, каб гэта было сумленна”, — заяўляюць распрацоўшчыкі праекта „Голас”.

Яны таксама адзначаюць, што „галасы за ўсіх кандыдатаў будуць апублікаваныя, і любы зможа іх пералічыць”.

Падкрэсліваецца, што гэтая сістэма „законная і бяспечная”, бо не патрабуе ад выбаршчыка паведамляць пашпартныя звесткі — толькі нумар тэлефона і фота бюлетэня. „Мы шыфруем даныя. Таямніца галасавання не парушаецца”, — гаворыцца на сайце праекта.

Прапановы анлайн-платформы „Голас” былі распрацаваныя паводле вынікаў IT-форуму, які прайшоў у Менску ў выхадныя 18—19 ліпеня. Заяўкі на ўдзел у ім падалі прыкладна 400 чалавек — праграмісты, дызайнеры, маркетолагі, удзельнікі розных ініцыятыў і проста неабыякавыя людзі. Форум доўжыўся 21 гадзіну.

„Гэта не апошнія выбары, — адзначалі арганізатары IT-форуму, — так што ўсе нашы напрацоўкі дапамогуць у правядзенні дыстанцыйных выбараў у будучыні. Бо мы створым інструменты, якія ў комплексе будуць вырашаць праблемы бяспекі для здароўя ўдзельнікаў выбарчага працэсу, яго кошту, хуткасці і легітымнасці. Пандэмія паказала неабходнасць рэформаў традыцыйнага інстытута выбараў. Калі мы здолеем пабудаваць анлайн-падлік галасоў у Беларусі, то наша рашэнне можна будзе выкарыстаць і за яе межамі”.

Згодна з апошнімі звесткамі ЦВК, у Беларусі 6.844.932 грамадзяніны, якія маюць права голасу. Такім чынам, на анлайн-платформе „Голас” пакуль зарэгістравалася 7,3% выбаршчыкаў.

belapan.by