На сайце анлайн-праекта „Голас” зарэгістравалася больш за мільён чалавек
Больш за мільён чалавек зарэгістравалася на сайце анлайн-праекта „Голас” па абароне галасоў выбаршчыкаў.
Пра старт праекта было абвешчана 23 ліпеня ў Барысаве (Менская вобласць) на агітацыйным мітынгу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
На сайце праекта belarus2020.org падкрэсліваецца, што ён „не замяняе сабой галасаванне і не з`яўляецца экзітполам. Выбаршчыкі самі паведамляюць аб сваім выбары”. „Мы хочам пераканацца ў сумленным падліку галасоў і выкарыстаць для гэтага тэхналогіі. Хто б ні перамог, мы хочам, каб гэта было сумленна”, — адзначаюць распрацоўшчыкі.
Выбаршчыкам прапанаваны пакрокавы план дзеянняў: „Пераходзьце ў чат з ботам у Telegram або Viber і выбірайце, як будзеце галасаваць. Бот прапануе выбраць ваш участак. У дзень галасавання зрабіце фота бюлетэня з выбарам і адпраўце ў чат з ботам (гэта можна зрабіць і пасля 9 жніўня). Сістэма падлічыць вынікі па кожным участку. Яны будуць апублікаваныя пасля афіцыйных вынікаў выбараў. Кожны зможа пералічыць галасы па любым участку. Каб адправіць фота бюлетэня, неабходныя Viber або Telegram, прывязаныя да нумара беларускага аператара”.
„Мы хочам атрымаць аб`ектыўную інфармацыю аб самай важнай падзеі ў краіне — выбарах прэзідэнта. Мы хочам даць кожнаму магчымасць пералічыць галасы па фота на кожным участку. Мы хочам пераканацца ў сумленным падліку галасоў і выкарыстаць для гэтага тэхналогіі. Хто б ні перамог, мы хочам, каб гэта было сумленна”, — заяўляюць распрацоўшчыкі праекта „Голас”.
Падкрэсліваецца, што гэтая сістэма „законная і бяспечная”, бо не патрабуе ад выбаршчыка паведамляць пашпартныя звесткі — толькі нумар тэлефона і фота бюлетэня. „Мы шыфруем звесткі. Таямніца галасавання не парушаецца”, — гаворыцца на сайце праекта.
У апошнія дні ўлады вельмі негатыўна каментуюць ініцыятыву „Голас”, а ў якасці прэвентыўнай меры на выбарчых участках на падставе прафілактыкі эпідэміі каронавіруса перад кабінамі для галасавання прыбраныя шторкі.
6 жніўня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па арганізацыі бяспекі выбарчай кампаніі, падчас якой папрасіў Генпракуратуру і суды ацаніць законнасць ініцыятыў па альтэрнатыўным падліку галасоў у дзень выбараў. Наступнай раніцай Генпракуратура распаўсюдзіла паведамленне, у якім папярэдзіла аб незаконнасці альтэрнатыўнага падліку галасоў.
„На жаль, у нашай краіне ўкараняецца, я б сказала, палітычная афёра пад назвай „Інтэрнэт-платформа „Голас”, — заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў відэазвароце да выбаршчыкаў ад 6 жніўня. — Па сутнасці справы, тое, што вам прапануецца, — гэта стварэнне ценявога Цэнтрвыбаркама… Проста дзіўна, што гэтую платформу, гэты шкодны праект, проста злачынны праект рэкламуе чалавек, які, уласна кажучы, з`яўляецца патэнцыйным гарантам Канстытуцыі, гэта значыць кандыдат у прэзідэнты, які ўдзельнічае ў выбарах. Я кажу пра спадарыню Ціханоўскую. Яна проста, напэўна, не разумее ўсіх наступстваў гэтага. А, магчыма, разумее і дзейнічае так спецыяльна”. На перакананне Ярмошынай, сапраўдная мэта альтэрнатыўнага падліку галасоў — „стварэнне скажонага выніку выбараў для таго, каб дэвальваваць афіцыйны вынік галасавання і на гэтай падставе арганізаваць масавыя беспарадкі”.
7 жніўня прадстаўнік Генпракуратуры Марына Папова заявіла ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1”, што ведамства мае намер звярнуцца ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі з прапановай „пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці разгледзець пытанне аб абмежаванні дзейнасці” платформы „Голас” на тэрыторыі краіны.
Каманда інтэрнэт-платформы „Голас” выступіла з адкрытым зваротам, у якім адхіліла абвінавачанні з боку ЦВК. „Закон гарантуе нам права на сумленныя выбары. Аднак, насуперак цвярозаму розуму, грамадзяне нашай краіны не могуць ім скарыстацца. У гэтыя дні платформа „Голас” зведала інфармацыйны націск з боку дзяржавы і дзяржаўных СМІ. Для ўсіх, хто назірае за цяперашняй перадвыбарнай кампаніяй, такія дзеянні ўладаў — прадказальныя. Відавочна, што ўсе спробы спыніць грамадскія ініцыятывы і націск на грамадзян прыводзяць да адваротнага эфекту: людзі аб`ядноўваюцца з яшчэ большай сілай і імкненнем абараніць сваё права на сумленны падлік галасоў”, — гаворыцца ў звароце.
„ЦВК блакуе любыя спробы беларусаў павысіць празрыстасць выбарчага працэсу: людзей не пускаюць працаваць ва ўчастковых выбарчых камісіях, выдаляюць са спіса назіральнікаў, парушаюць нашы правы і таямніцу галасавання, мадыфікуючы выбарчыя кабіны, падрабляюць нашы подпісы для вылучэння ў выбарчыя камісіі людзей, якіх мы не ведаем, ігнаруюць нашы шматлікія звароты ў адказ на нерэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты і шмат іншага. Усё гэта прыводзіць да непазбежнага падзення даверу да працы ЦВК”, — адзначае каманда інтэрнэт-платформы.
Згодна з апошнімі звесткамі ЦВК, у Беларусі 6.844.932 грамадзяніны маюць права голасу. Такім чынам, на анлайн-платформе „Голас” зарэгістравалася 14,6% выбаршчыкаў.
belapan.by