На Шаркаўшчыне хочуць ушанаваць памяць ахвяраў халакосту



Жыхары вёскі Радзюкі, што ў Шаркаўшчынскім раёне, хочуць, каб ушанавалі памяць забітых 70 год таму габрэяў каля гэтай вёскі.

Карачун

Шмат вясковых жыхароў ведалі пра мінулыя падзеі, у тым ліку і мясцовыя ўлады, якія замоўчвалі гэты факт. Чатыры гады таму месца, дзе былі закапаныя забітыя, распахалі.

Як сцвярджаюць мясцовыя жыхары, зараз знікаюць апошнія прыкметы пахаванняў і паміраюць апошнія сведкі, таму яны лічаць, што памяць пра забітых павінна быць неадкладна ўвекавечана:

– Я малая была, я проста выгадавалася каля гэтых могілак. Доўга гэта было, вялікая яма, а пасля трактарыст, можа сваіх не было, былі наёмныя, ён не ведаў, што там гэтыя могілкі, ён араў па прамой і ўсё. Людзі пасля ў нас доўга абураліся.

– Нідзе я не магла прабіцца, спрабавала сказаць на сходзе, і ў рэдакцыю тэлефанавала, а яны мне адказалі :”А што мы можам?”.

– Загадчыца ідэалагічнага аддзела, як па народнаму тут у нас такі ёсць выраз “пайшла ў вэпсы”, то бок пачала прымаць гэта не так, як трэба.

Як кажа начальніца ідэалагічнага аддзела Шаркаўшчынскага райвыканкама Людміла Стома, яны не згодныя з тым, што месца пахавання знаходзіцца менавіта там. Яна накіравала ў Радзюкі карэспандэнтаў раённай газеты „Кліч Радзімы”, якія павінны будуць апытаць сведкаў падзей і знайсці сапраўднае месца, дзе закапаныя людзі, каб потым увекавечыць іх памяць.

Беларускае Радыё Рацыя