На шыльдзе сядзібы БНФ з’явіліся прарасейскія графіці



1 траўня на шыльдзе і дзвярах цэнтральнай сядзібы БНФ ў Менску з’явіліся надпісы прарасейскага шавіністычнага зместу.

Камеры відэаназірання, размешчаныя ў двары па вул. Чарнышэўскага, дзе месціцца сядзіба БНФ, не зафіксавалі твары экстрэмістаў, што здзейснілі акт вандалізму.

Выхадку невядомых экстрэмістаў каментуе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

“З’яўленне прарасейскіх экстрэмісцкіх графіці на будынку, дзе месціцца сядзіба БНФ – трывожны сігнал. Тое што на мінулым тыдні быў здзейснены аналагічны напад на сядзібу Таварыства беларускай мовы сведчыць, што гэта не адзінкавы выпадковы акт вандалізму, а свядома спланаваная акцыя, арганізаваная супраць беларускіх аб’яднанняў прарасейскімі шавіністамі, што апошнім часам актывізаваліся ў Менску. Такім чынам гэта не хуліганскія дзеянні, а наўмысная праява экстрэмізму з боку варожых для Беларусі структураў. Прыкра і небяспечна для дзяржавы, калі нашыя праваахоўныя органы займаюцца палітычным пераследам беларускіх патрыётаў замест таго, каб выяўляць сапраўды небяспечныя вылазкі антыбеларускіх сілаў, патураючы экстрэмізму.

Мы будзем рэагаваць на гэтыя выхадкі ў адпаведнасці з законам. Нагадаю, што арганізатары мінулай кампаніі аналагічных нападаў на ТБМ і БНФ, якая была ў 2012 годзе, былі выяўлены і пакараныя – кіраўнік групоўкі так званых расейскіх нацыянал-бальшавікоў быў асуджаны на шэсць месяцаў арышту” – сказаў Аляксей Янукевіч.

На дадзены момант наступствы дзеянняў вандалаў ліквідаваныя.

narodny.org