На Случчыне адбыліся ўшанаванні Слуцкага збройнага чыну
Ушанаванне сёння пачалося з сяла Грозава Капыльскага раёну. У 1920 годзе жыхары Слуцкага павета сфармавалі Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне.
З месца святкаванняў перадае наш карэспандэнт Павел Генадзіч:
– Традцыйна дэлегацыі з Менску вырушалі на аўтобусе і па дарозе на Слуцк наведалі памятныя мясціны – Грозава, Семежава і Вызна. Гэта тыя мясціны, якія непасрэдна звязаныя з гісторыяй Слуцкага паўстання, дзе адбываліся найбольш цяжкія баі з чырвонай арміяй. Пасля калона з Менску, якая прадстаўляла некалькі палітычных арганізацыяў, прыехала ў Слуцк, дзе была зладжаная дазволеная акцыя – шэсце і святочны мітынг. У ім узялі ўдзел каля 150 чалавек.
РР: Ці былі нейкія перашкоды, бо трэба падкрэсліць, што акцыя арганізавана партыяй БНФ? Але мітынг быў дазволены ўладамі.
– Так, і шэсце, і мітынг былі дазволены. Усё прайшло без інцыдэнтаў, былі, канешне, людзі ў цывільным, але правядзенню акцыі ўлады, можна сказаць, не заміналі.
***
У суботу і нядзелю беларусы адзначаюць чарговую гадавіну Слуцкага збройнага чыну — беларускага антысавецкага паўстання 1920 году, здушанага бальшавікамі. У Слуцку ўлады дазволілі два мітынгі. Сёння праходзяць экскурсія, і мітынг, арганізаваны партыяй БНФ і Рухам “За свабоду”, а таксама прысяга “Маладога фронту”.
Кажа старшыня партыі БНФ – Рыгор Кастусёў:
– Мы адзначаем кожны год гэтыя падзеі, каб нашыя нашчадкі не забывалі аб тым, што былі людзі, якія цаной свайго жыцця адстойвалі незалежнасць нашай краіны. І тое, што Беларусь атрымала нарэшце незалежнасць, ёсць і заслуга тых людзей.
Мерапрыемствы партыі БНФ і Руху “За Свабоду” ў Слуцку акурат адбываюцца ў Слуцку. Таксама дазвол на мітынг атрымала Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, але на заўтра – 26-га лістапада.
***
Партыя БНФ і рух „За свабоду” атрымалі дазвол на мітынг сёння. Але мясцовыя ўлады змянілі маршрут, не дазволіўшы прайсці калонай па галоўнай вуліцы Слуцку. Удзельнікі акцыі ходнікамі пры вуліцы Віленскай прайшлі да гарадскога парку культуры, дзе ў 15:20 пачаўся мітынг.
„Малады фронт” тым часам ладзіць экскурсію па мясцінах Слуцкага збройнага чыну, прымеркаваную да пачатку паўстання.
У Слуцку традыцыйна пройдзе прыняцце прысягі „маладафронтаўцаў” Беларусі.
***
Двума аўтобусамі прыехалі на Случчыну 60 жыхароў Менска. Яны прывезлі ў тым ліку вялізны бел-чырвона-белы сцяг, пашыты ветэранам нацыянальнага руху Нінай Багінскай.
Арганізатарам акцыі выступіла Партыя БНФ і яе старшыня Рыгор Кастусёў. Ва ўшанаванні бяруць удзел таксама хрысціянскія дэмакраты і маладафронтаўцы. Ушанаванне пачалося з сяла Грозаў Капыльскага раёна. У 1920 годзе жыхары Слуцкага павета сфарміравалі Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім Збройным чыне.
За ўдзельнікамі акцыі сочаць міліцыянты ў цывільным, якія папрасілі згарнуць беларускія бел-чырвона-белыя сцягы.
Кажа сустаршыня БХД Павел Севярынец:
– Я думаю, што прадстаўнікі міліцыі ў незалежнай Беларусі маглі б і павінны выводзіць увесь свой асабісты склад у гэты дзень пад крыж прымаць прысягу на вернасць Беларусі і разгортваць бел-чырвона-белыя сцягі. А тое, што яны зараз спрабуюць згарнуць гэтыя мерапрыемствы, – гэта проста ганьба.
Слуцкі збройны чын — гэта ўзброенае паўстанне супраць савецкай улады, якое адбылося ў 1920 годзе. Паўстанцы спрабавалі ўсталяваць уладу Беларускай Народнай Рэспублікі. Гісторыя Слуцкага паўстання замоўчвалася ў савецкі час.
Беларускае Радыё Рацыя