На Століншчыне ДАІ затрымала нецвярозага міліцыянта
6 траўня ў Столінскім раёне затрымалі міліцыянта, які кіраваў машынай у стане алкагольнага ап’янення. Пра гэта TUT.BY паведаміў афіцыйны прадстаўнік МУС Канстанцін Шалькевіч.
„6 траўня за перавышэнне хуткаснага рэжыму быў спынены кіроўца. Падчас праверкі дакументаў даішнікі заўважылі прыкметы алкагольнага ап’янення. Тэст паказаў, што мужчына знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення”, – распавялі ў МУС.
Мужчына апынуўся супрацоўнікам РАУС Столінскага раёна. У момант здзяйснення правапарушэння ён знаходзіўся ў адпачынку.
Канстанцін Шалькевіч ў чарговы раз падкрэсліў, што кіраўніцтва ведамства і ўсё ведамства ў цэлым займае прынцыпова строгую і нязменную пазіцыю ў адносінах да супрацоўнікаў, якія здзейснілі дыскрэдытуючы ўчынак, – а за кіраванне машынай у стане алкагольнага ап’янення супрацоўнік Столінскага РАУС, які працаваў у органах з 2000 года, будзе звольнены без права на пенсію.
Нагадаем, раней быў затрыманы начальнік Столінскага РАУС за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.