На судовых працэсах дазволяць аўдыя- і відэазапіс?



Вярхоўны суд разглядае магчымасць пашырэння выкарыстання ў судовых працэсах аўдыя- і відэазапісу. Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч 17 мая на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі „Інфармацыйныя тэхналогіі і права (Прававая інфарматызацыя — 2018)”.

„Мы разглядаем сёння магчымасці пашырэння выкарыстання аўдыя- і відэафіксацыі ходу судовых разбораў і адыходу ад папяровых пратаколаў судовага пасяджэння. Таксама мы вывучаем любыя магчымасці па пашырэнні шляхоў інфармавання грамадства аб дзейнасці судоў і, вядома, палягчэння жыцця тым, хто жадае звярнуцца па судовую абарону”, — заявіў Калінковіч.

Пры гэтым першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда негатыўна выказаўся аб практыцы некаторых СМІ, якія вядуць з залы суда тэкставыя і гукавыя анлайн-рэпартажы, паколькі, на яго думку, гэта мяжуе з парушэннем абароны персанальных дадзеных грамадзян і можа ўплываць на ход судовых спраў.

Паводле яго слоў, з развіццём інфармацыйных тэхналогій і пранікненнем іх у судаводства неабходна забяспечваць адпаведнасць заканадаўства, якое рэгламентуе абарону персанальных дадзеных людзей, „каб яно адэкватна адказвала на выклікі, якія нясе ў сабе глабальная інфарматызацыя”.

Калінковіч адзначыў, што гаворка ідзе пра магчымасць несанкцыянаванага і некантраляванага выкарыстання персанальных дадзеных удзельнікаў судовых працэсаў, дадзеных пра сутнасць судовых спрэчак, розных падрабязнасцяў, якія прыходзіцца даследаваць падчас судовых разбораў. „Мы маем справу з дастаткова тонкай сферай, дзе абнародаванне персанальных дадзеных людзей ці нейкіх прыватнасцяў асабістага жыцця можа мець наступствы. У гэтай сферы неабходны дадатковыя нарматыўныя рэгуляванні і ўпарадкаванне такога роду дзейнасці”, — падкрэсліў ён.

belapan.by