На судзе ў пенсіянера з Менску сведка-міліцыянт выступаў за дзвярыма
У судзе Заводскага раёна горада Менска прайшло завяршальнае судовае пасяджэнне па крымінальнай справе ў дачыненні да Уладзіміра Урбана.
Яго абвінавачвалі ў артыкуле 13 (падрыхтоўка да злачынства) і ў артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Суддзя Жанна Хвайніцкая пакарала мужчыну на 2 гады і 6 месяцаў хатняй “хіміі”.
На судзе ў якасці сведкі выступаў супрацоўнік міліцыі па прозвішчы Трус. Рабіў ён гэта ананімна, кажа спадарыня Наталля, якая прысутнічала на судзе:
– Ён даваў паказанні, калі стаяў за адкрытымі дзвярыма. Ён быў засакрэчаны, прозвішча Трус, я думаю, гэта псеўданім. Былі адчыненыя дзверы каля суддзі, ён стаяў за дзвярыма, мы яго не бачылі. Суддзя, адвакат, абвінаваўца задавалі пытанні за гэтыя адчыненыя дзверы. Вельмі ціха гаварыў аб тым, што ўспрыняў словы Уладзіміра як рэальную пагрозу і заклік супрацьдзейнічаць сілавым структурам.
Як распавёў сам Уладзімір Урбан, на папярэдніх судовых пасяджэннях, 21 жніўня ў горадзе ён убачыў выступоўцаў і падышоў да іх. Калі пачуў аповеды жанчын, як збівалі іх дзяцей 9-11 жніўня, узяў мікрафон і заклікаў не даваць сябе ў крыўду і абараняць. Пры гэтым мянчук заклікаў “звязваць скотчам рукі, ногі, цела АМАПаўцам”.
Уладзімір Урбан — пенсіянер і педагог з 42-гадовым стажам працы. Вядома, што пры затрыманні яго моцна збілі, ён перанёс інсульт, атрымаў інваліднасць з-за гэтага, а на працы яму не падоўжылі кантракт.
Беларускае Радыё Рацыя