На сустрэчу з Папам Рымскім збіраецца больш за 2 тыс. вернікаў з Беларусі
Ужо 22-га верасня пачнецца праграма візіту Папы Рымскага Францішка Першага па трох краінах Балтыі: Літве, Латвіі і Эстоніі. Гэты візіт у балтыйскія краіны для Папы стане ўжо 25-м падарожжам па-за межы Італіі, ад моманту пантыфікату. Пра тое, чаго чакаюць беларусы, якія цяпер скіроўваюцца пілігрымкамі ў гэтыя краіны адказвае апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек:
— Праз некалькі дзён Святы Айцец наведае Літву, Латвію і Эстонію. Гэта адбываецца ў той час, калі Касцёлы, Цэрквы гэтага рэгіёну святкуюць 100-годдзе аднаўлення структураў пасля доўгага перыяду царскага прыгнёту каталікоў. Таму, Папа сапраўды прыязджае, як заўсёды, умацаваць вернікаў у веры. Гэта радасць для нашых братоў у Літве, Латвіі і Эстоніі, але гэта радасць і для беларусаў таксама, бо шмат пілігрымаў паедзе з Беларусі ва ўсе тры гэтыя краіны. Найбольш будзе тых, што паедуць у Літву, але таксама шмат вернікаў. Асабліва з Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёла, паедуць у Аглону Латвію. У Аглону паедзе таксама пілігрымка грэка-католікаў. Бо Аглона для нас, асабліва тых, што жывуць у Полацку ці Віцебску нешта вельмі блізкае. У Аглонскай базіліцы знаходзіцца магіла слугі божага біскупа Баляслава Слоскана, які пасля Першай сусветнай вайны служыў у Беларусі, а пасля вайна апекаваўся беларусамі, асабліва грэка-католікамі па-за межамі Беларусі,на Захадзе. Таму, з аднаго боку мы едзем ушанаваць ікону Маці Божай Аглонскай, памаліцца з Папам, але таксама і ўшанаваць памяць біскупа Баляслава Слоскана.
Колькасць беларускіх пілігрымаў у краіны Балтыі ў гэтыя дні вымяраецца ў больш як дзве тысячы. Сярод трох краін, найбольшая колькасць, у паўтары тысячы беларускіх пілігрымаў мае наведаць Літву.
25-га верасня ў Таліне Папа Францішак сустрэнецца на экуменічнай сустрэчы з моладдзю і прадстаўнікамі дабрачынных арганізацый. Наша радыё плануе асвятляць візіт Папы ў Літву.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя