На Таццяну Севярынец склалі пратакол за пікет у лесе, яшчэ 5 чалавек  – у ІЧУ



Мінулую ноч мусілі правесці ў ізалятары часовага ўтрымання жыхаркі Віцебска Людміла Камінская,  Людміла Валаткевіч, Алена Каснова, Тамара Ільіна і Раіса Кухто, трое з гэтых жанчын – пенсійнага веку. Раніцай 13 студзеня  ўсе пяцёра, а разам з імі вядомая віцебская актывістка Таццяна Севярынец былі затрыманыя ў лесе пад горадам: жанчыны прыйшлі туды займацца скандынаўскай хадой.

Больш за 7 гадзін затрыманыя знаходзіліся ў райаддзеле міліцыі Першамайскага раёна, не маючы магчымасці ні паесці, ні прыняць лекі.  Але міліцыянты не бачаць у гэтым ніякага парушэння са свайго боку, распавёў праваабаронца Павел Левінаў:

– Затрыманых да вечара ўтрымлівалі ў РАУС Першамайскага раёна, потым Таццяну Севярынец даставілі ў суд Першамайскага раёна. Астатніх, як сказаў дзяжурны, адпусцілі. Але не паспелі яны выйсці з пастарунка, як іх зноўку затрымалі і накіравалі ў ІЧУ, які месціцца зараз у будынку следчага ізалятара.

У райсудзе Таццяне Севярынец уручылі позву на разбор адміністрацыйнай справы 19-га студзеня. На яе склалі пратакол за правядзенне несанкцыянаванага пікетавання ў лесе. Пратаколаў на астатніх затрыманых пакуль няма – паводле заканадаўства, міліцыянты маюць трое сутак, каб падрыхтаваць дакументы да разгляду ў судзе. На пытанне, чаму гэтага нельга было зрабіць на працягу 7-мі гадзінаў знаходжання жанчын у пастарунку, у міліцыі сказалі, што ўвесь гэты час  з імі праводзілі прафілактычную гутарку.

 Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск