На Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача склалі адразу пяць пратаколаў
28 траўня старшы інспектар па дазваляльнай працы, капітан міліцыі Сяргей Цырбан склаў два адміністрацыйныя пратаколы на Змітра Лупача і тры на Таццяну Смоткіну. У дачыненні да іх зноў пачатыя справы паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП, ім інкрымінуецца парушэнне артыкула 35 Закона аб СМІ.
Глыбоцкіх журналістаў абвінавачваюць у тым, што яны ўзялі інтэрв’ю ў людзей і здзейснілі незаконны выраб прадукцыі СМІ. Матэрыялы з’явіліся на сайце «Беларускага Радыё Рацыя” пад назвамі „Бязмежжа міліцыі, ці за што ламаюць ногі пенсіянерам”, „Як гарадская каналізацыя ў Глыбокім стварыла праблемы”, „Юбілейныя сімвалы ў Глыбокім”.
А таксама на тэлеканале „Белсат” – „Чаму міліцыянты збіваюць пенсіянераў?».
Па словах Таццяны Смоткінай і Дзмітрыя Лупача, яны зноў напісалі ў пратаколах, што з абвінавачваннямі не згодныя. Бо ў Канстытуцыі Беларусі замацавана права грамадзян збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Таму прыцягваюцца да адказнасці ў парушэнне галоўнага дакумента краіны і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала і ратыфікавала Рэспубліка Беларусь.