На тэрыторыі Мазырскага НПЗ перакуліўся аўтобус



На тэрыторыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода перакуліўся аўтобус, у выніку чаго адзін чалавек загінуў, 11 пацярпелі.

Аварыя здарылася 7 кастрычніка прыкладна ў 8.30. Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале, службовы аўтобус „МАЗ”, які перавозіць па тэрыторыі завода работнікаў прадпрыемства, рухаўся па галоўнай дарозе. У салоне знаходзіліся 12 пасажыраў. Грузавы аўтамабіль „Мерсэдэс” рухаўся па другаснай дарозе і не саступіў дарогу аўтобусу. У выніку сутыкнення аўтобус перакуліўся на бок. Аднаго з пасажыраў, 33-гадовага работніка НПЗ, выкінула праз акно і прыціснула аўтобусам. Ён загінуў.

Па медыцынскую дапамогу звярнуліся 11 чалавек, усе яны шпіталізаваныя. Вадзіцелі транспартных сродкаў не пацярпелі.

Цяпер на месцы здарэння працуюць супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, следча-аператыўная група.

Супрацоўнікі МНС дапамаглі выбрацца людзям.

Афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава паведаміла БелаПАН, што на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група, апытваюцца відавочцы, для аказання практычнай дапамогі на месца выбылі супрацоўнікі спецыялізаванага аддзела следчага ўпраўлення УСК.

belapan.by