На трасе Менск-Гомель з’явіцца прыбіральня за 400 тыс даляраў
На трасе „М5 Менск-Гомель” можа з’явіцца грамадская прыбіральня коштам амаль 400 тысяч даляраў.
Фота tut.by
Такая сума будзе выдзеленая з абласнога бюджэта арганізацыі, якая будзе будаваць прыдарожны аб’ект. Тэндэр на будаўніцтва выйграў „Дарожна-будаўнічы трэст №2”.
Каардынатара гомельскай экспертнай супольнасці „Стратэгічная думка” Аляксея Харкевіча здзіўляе кошт працы па ўзвядзенні прыдарожнай прыбіральні.
– Вельмі хочацца даведацца, што ж гэта можа быць за прыбіральня ўздоўж дарогі, кошт якой параўнальны з пабудовай якой-небудзь кавярні. Цана прыбіральні складае амаль, нават смешна сказаць, амаль 400 тысяч даляраў, прычым цана пазначана менавіта ў валюце. Мне вось у сувязі з гэтым яшчэ больш цікава, што ж гэта за прыбіральня, абсталяванне для якой трэба пакупаць за мяжой. На жаль у гэтай прыбіральні няма дакументацыі, каб проста паглядзець з цікавасці, што ж укладаецца ў гэту суму.
Інфармацыя пра будаўніцтва прыдарожнага туалета за 400 тысяч даларяў на трасе „М5 Менск-Гомель” была размешчаная на сайце тэндэрных закупак icetrade.by.
Беларускае Радыё Рацыя