На трасе перавярнулася маршрутка Магілёў – Гомель
Маршрутнае таксі Магілёў — Гомель перавярнулася днём 12 чэрвеня на аўтадарозе блізу вёскі Сідаравічы Магілёўскага раёна. Шпіталізаваныя чатыры чалавекі.
Як паведамілі БелаПАН у ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама, дарожная аварыя здарылася ў 12.40, калі мікрааўтобус „Фольксваген-Крафтэр”, маршрутнае таксі, ехаў з Магілёва ў Гомель. Вадзіцель, 53-гадовы магілёвец, не справіўся з кіраваннем, у выніку чаго мікрааўтобус з’ехаў у правы па ходзе руху кювет і перакуліўся.
У ДТЗ чатыром пасажырам маршрутнага таксі нанесеныя цялесныя пашкоджанні, з якімі яны завезены ва ўстановы аховы здароўя. У 56-гадовага магілёўца дыягнаставаная закрытая чэрапна-мазгавая траўма (ЗЧМТ), у 20-гадовай жыхаркі пасёлка Ільіч Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці выцяты аддзел пазваночніка, у 31-гадовай гамяльчанкі — ЗЧМТ і выцятае плячо, у 30-гадовага жыхара ўкраінскага Херсона — траўма паяснічнай вобласці.
Праводзіцца праверка.