На тры гады „хіміі” асудзілі Іллю Камкова за спробу выратаваць незнаёмца ад затрымання



У судзе Савецкага раёна Менска 16 жніўня агучылі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 19-гадовага Іллі Камкова, якога звінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, за падзеі 23 верасня 2020 года.

Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла, бок дзяржабвінавачвання падтрымліваў Раман Чабатароў.

Паводле абвінавачвання, Ілля Камкоў прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 23 верасня на пл. Свабоды ў Мінску, дзейнічаў сумесна з неўстаноўленымі асобамі, выкрыкваў лозункі, неаднаразова адмаўляўся выканаць патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, перашкаджаў затрыманню аднаго з пратэстоўцаў і за гэта быў затрыманы. Сваімі актыўнымі дзеяннямі абвінавачаны груба парушаў грамадскі парадак, таму супраць яго была распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Сваю віну Ілля Камкоў не прызнаў. Патлумачыў, што ведаў пра несанкцыянаваныя мітынгі з інтэрнэту, што люді былі нязгодныя з агучанымі ўладамі вынікамі выбараў і выходзілі на пратэсты, у тым ліку і 23 верасня – ў дзень інаўгурацыі. Абвінавачы адзначыў, што ў той дзень перапісваўся з незнаёмым хлопцам у тэлеграме, вырашылі сустрэцца каля Галерэі і паразмаўляць наконт музыкі, таксама магчыма – сыграць. Калі прыйшлі на месца, было ўжо шмат людзей, якія рухаліся ў бок Стэлы. У нейкі момант незнаёмы хлопец выйшаў на праездную частку дарогу з астатнімі людзьмі, тады Ілля крычаў яму, каб ён сыйшоў адтуль, але хлопец не слухаў, Камкоў падбег да яго і пачаў выцягваць з дарогі, бо баяўся за яго бяспеку, разумеў супрацьпраўнасць дзеянняў пратэстоўцаў.  Транспарт у той момант па дарозе не рухаўся.

Пасля хлопцы пайшлі ў бок Нямігі і дайшлі да Burger King, дзе замовілі ежу, сядзелі на тэрасе. Абвінавачаны бачыў, як уздоўж праспекта Пераможцаў хадзілі людзі ў цёмнай вопратцы і балаклавах, дакладна не ўсведамляў, што гэта супрацоўнікі міліцыі. У нейкі момант да аднаго чалавека на тэрасе падайшлі 3 ці 4 чалавекі ў балаклавах, пачалі хапаць яго за спіну, а хлопец спрабаваў вызваліцца. Ілля Камкоў думаў, што гэта нейкія бандыты, і пачаў адцягваць іх ад хлопца, аднак пасля самаго абвінавачанага схапілі, скруцілі рукі і павялі па праспекце, адвялі ў будынак і склалі пратакол. Толькі пры складанні пратаколу Ілля зразумеў, што быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Таксама абвінавачаны адзначыў, што з сабой не меў ніякай пратэстнай атрыбутыкі, не збіраўся прымаць удзел у мітынгу, бо бацькі прасілі яго не ўдзельнічаць у пратэстах.

Пасля гэтага ў судзе былі дапытаныя сведкі.

Бацька абвінавачанага Герман Камкоў сказаў, што Ілля – нармальны, адэкватны, не агрэсіўны хлопец і не захапляецца палітыкай. Ведаў, што адзін раз сын быў затрыманы, пасля таго нідзе не ўдзельнічаў. Таксама сведка падкрэсліў, што Ілля моцна перажывае крымінальную справу, яму абмяжоўваюць свабоду дзеянняў самі бацькі, бо “адзін раз ужо пакамунікаваў з незнаёмцам і трапіў у непрыемнасці”. Маці абвінавачанага рассказала суду, што Ілля – добры хлопец, нідзе не ўдзельнічаў, аднойчы ёй тэлефанавалі з РУУС і яна сама адвезла сына на размову. Сваім камп’ютарам маці не дазваляла карыстацца, толькі калі сыну трэба было нешта раздрукаваць.

Сведкам выступіў таксама спецыяліст, які аказваў Іллі Камкову псіхалагічную дапамогу: хлопец быў шпіталізаваны ў РНПЦ псіхічнага здароўя, прайшоў курс лячэння. Характарызуе абвінавачанага як сацыяльна бяспечнага, нерашучага, баіцца супрацоўнікаў міліцыі, калі іх бачыць – здараецца панічная атака. Па меркаванні сведкі, Ілля не мог здзейсніць злачынства, што ставіцца яму ў віну.

Міліцыянт Ігар Стрыгін распавёў у судзе, што з супрацоўнікамі АМАП забяспечваў грамадскі парадак 23 верасня ў Мінску. На Нямізе быў мітынг, шмат людзей хадзілі з бчб-сцягамі, выкрыквалі лозунгі і выходзілі на праезную частку дарогі. Дзесьці праз гадзіну было прынятае рашэнне затрымліаць актыўных удзельнікаў. Стрыгін з іншым супрацоўнікам міліцыі пачалі затрымліваць аднаго з пратэстоўцаў, калі з натоўпу падбег абвінавачаны і стаў спрабаваць выцягнуць затрымліваемага, але ў яго не атрымалася гэта зрабіць. Ілля быў затрыманы таксама за ўдзел у мітынгу і непадпарадкаванне, бо супрацоўнікі міліцыі ў форменнай вопратцы папярэджвалі праз гукаўзмацняльнік грамадзянаў і заклікалі іх разыходзіцца. Стрыгін сам праводзіў першае апытанне, кваліфікаваў дзеянні Камкова згодна з ПВКаАП, сказаў, што запомніў абвінавачанага па прычосцы.

Супрацоўнік міліцыі Раман Мартыненка патлумачыў, што праводзіў апытанне абвінавачанага па факце яго ўдзелу ў мітынгах, памятае, што гэта адбывалася ў межах адміністрацыйнага працэсу. Сам не з’яўляўся відавочцам падзей, хто затрымліваў Камкова – не ведаў.

Падчас спрэчак бакоў Раман Чабатароў адзначыў, што ў сваіх паказаннях Ілля Камкоў фактычна прызнаў віну, таксама яна пацвярджаецца паказаннямі сведкаў і пісьмовымі матэрыяламі справы. Прасіў суд пакараць хлопца трыма гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Абарона настойвала, што Ілля не прызнаў сябе вінаватым, знаў пра пратэсты, але не цікавіўся імі і не прымаў удзелу ў мітынгах, не планаваў парушаць грамадскі парадак. Калі пабачыў затрыманне хлопца, то ўспрыняў гэта як грамадзянскі канфлікт, спрабаваў яго спыніць, але ў выніку яго затрымалі і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу. На думку адваката, не было даказана, што Камкоў блакаваў рух, выкрыкваў лозунгі, і ўказаў, што высновы абвінавачвання не слушныя. Больш за тое, нельга прыцягваць і да адміністрацыйнай, і да крымінальнай адказнасці за адно і тое ж дзеянне. Абарона прасіла суд апраўдаць Іллю за недаказаннасцю яго віны.

Аднак суддзя Сяргей Шаціла падтрымаў пазіцыю дзяржабвінавачвання і пакараў Іллю Камкова трыма гадамі “хіміі”.

spring96.org