На Трышынскіх могілках ушанавалі памяць ахвяраў рэпрэсій



Да дзясятка берасцейцаў вечарам чацвярга ўшанавалі памяць ахвяр палітычных рэпрэсій.

Яны сабраліся на Трышынскіх могілках Берасця, каб запаліць лампадкі каля адпаведнага помніка. Сярод прысутных быў і старшыня аддзялення БСДП „Грамада” Ігар Маслоўскі:

– Гэта помнік палітрэпрэсаваным, усім жыхарам постсавецкай прасторы. Мы бачым, што рэпрэсіі працягваюцца на сённяшні дзень. Гэта палітычныя рэпрэсіі, якія закранаюць самае галоўнае, што ёсць у чалавека, яго жыццё, таму мы запалілі лампадкі і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць усіх людзей, якія загінулі ад дзеянняў уладаў.

Удзельнікі ўшанавання правялі паралелі паміж тагачаснымі падзеямі і сённяшнім днём:

– Безумоўна, нельга не праводзіць паралель і безумоўна, мы сюды прыйшлі, каб ушанаваць памяць тых людзей, хто загінуў раней, а таксама тых, хто стаў ахвярай цяпер.

Дакладная назва мемарыялу на Трышынскіх могілках: „Помнік жыхарам Берасця і Берасцейскага раёна — ахвярам палітычных рэпрэсій”. Паводле інфармацыі „Сахараўскага цэнтру”, ён быў адкрыты 30 кастрычніка 1993 года. Ініцыятарам усталявання былі „Берасцейскае аддзяленне асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій і грамадзянін Левашкевіч”.

 

Беларускае Радыё Рацыя