У Гародні прайшоў 30-тысячны мітынг салідарнасці (абноўлена)
У канцы мітынгу было абвешчана, што заўтра гарадзенцы зноў збяруцца на пляцы перад гарвыканкамамі а 19-й гадзіне і будуць патрабаваць ад мясцовай улады прызнання выбараў несапраўднымі. Прадпрыемствы закліканы да страйку.
Мітынг у Гародні скончыўся. На ім выступалі прадстаўнікі самых розных сацыяльных пластоў і людзі творчых прафесій. Выступілі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і звычайныя грамадзяне, якія па поклічу сэрца прыйшлі сёння на цэнтральныя гарадзенскія плошчы. Сярод іншых выступілі старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс і гарадзенскі рок-музыка Алесь Дзянісаў.
***
У Гародні людзі прыйшлі на Плошчу Леніна да гарвыканкама. Пачаўся мітынг.
Людзі падышлі да турмы, што ў самым цэнтры Гародні каля Фарнага касцёлу. Скандуюць „Выпускай!” і „Жыве Беларусь!”. Ніякіх сілавікоў пакуль не бачна, уладная адміністрацыя таксама пахавалася.
На цэнтральнай плошчы горада над Нёманам плошчы Савецкай – 16 жніўня чарговы раз сабраліся тысячы людзей.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Ладзіка Майніча і Сяргея Апановіча