На тыя ж самыя граблі: на фрылансера склалі пратакол за стрым у Фэйсбуку



Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў па пошце пратакол за нібыта «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».

Як паведамляе „Белсат”, cтарэйшы ўчастковы інспектар маёр міліцыі Дзмітрый Трубнін склаў пратакол за стрым, які Кастусь Жукоўскі ладзіў на прыватным акаўнце ў Фэйсбуку. Ён здымаў на відэа, як два міліцыянты патрапілі на падворак грамадскага актывіста Барыса Анікеева. Пры гэтым ніякіх пацверджаных дакументальна падстаў на знаходжанне ў доме Анікеева супрацоўнікі МУС не мелі. Акрамя таго, яны заблакавалі Барыса і чальцоў сям’і ў доме – нікога з звонку не ўпускалі.

Паводле ч. 2. арт. 22.9 Кастусю Жукоўскаму пагражае да 50 базавых велічыняў штрафу (1225 рублёў).

Нагадаем, Берасцейскі абласны суд 11 красавіка разгледзеў скаргі блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна на пастанову суда Пінскага раёна, які вынес рашэнне пакараць іх за парушэнне заканадаўства аб СМІ штрафам у памеры 40 базавых велічыняў кожнага. Падчас судовага паседжання суддзя публічна прызнала сацыяльную сетку Facebook і відэахостынг Youtube сродкамі масавай інфармацыі. Аднак абласны суд вынес рашэнне: адміністрацыйную справу спыніць і адмяніць пастанову суда Пінскага раёна.

Паводле spring96.org