На Украіну насоўваецца моцны зімовы цыклон



На Украіну насоўваецца моцны зімовы цыклон. Ці не самы моцны за апошнія гады. Сіноптыкі папярэджваюць пра найвышэйшы ровень небяспекі. Тычыцца гэта і тых беларусаў, якія выпраўляюцца ў суседнюю краіну на машынах.

Больш падрабязна распавядае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Непагадзь ужо спаралізавала рух на стратэгічных украінскіх трасах у Адэскай, Запарожскай і Харкаўскай абласцях. Часова абмежаваны рух па шашы Харкаў-Сімферопаль, Адэса-Мелітопаль і Энэргадар-Бярдзянск. Траса Марыупаль-Запарожжа ўвогуле перакрытая з прычыны складаных пагодных умоваў.

У Кіеве абвешчаная штармавая небяспека. Там чакаюцца завеі, галалёдзіца і штармавы вецер да 18 метраў на секунду. Для бяздомных ва ўкраінскай сталіцы адкрыліся пункты абагрэву.

Украінская дарожная паліцыя просіць не выязджаць без патрэбы за горад. А калі ж такая патрэба ўзнікае, то заўсёды мець у машыне сякеру, буксірны трос, нож, запасную каністру з палівам і, пажадана, тэрмас з гарачай гарбатай.

Сіноптыкі мяркуюць, што непагадзь прадоўжыцца ва Украіне яшчэ чатыры-пяць дзён.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ko44.ru