На Уладзіміра Хільмановіча склалі пратакол за Дзень памяці паўстанцаў
Гарадзенскі публіцыст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч атрымаў на рукі пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне – удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Свіслачы і Якушоўцы 30 кастрычніка бягучага году – мітынгу і шэсці. Пратакол, складзены ў Свіслацкім РАУСе маёрам міліцыі Андрэем Песнякам, Хільмановічу перадаў супрацоўнік міліцыі Ленінскага РАУС Аляксей Вайцешка.
Акрамя Уладзіміра Хільмановіча аналагічныя пратаколы складзены яшчэ на чатырох гарадзенцаў – Міколу Лемяноўскага, Эдварда Дмухоўскага, Віктар Сазонава і Сяргея Верамеенку. Такія ж пратаколы складзены і на грамадскіх актывістаў з іншых гарадоў Беларусі.
Нагадаем, што свіслацкі актывіст Юры Глебік Свіслацкім раённым судом ужо засуджаны да 40 базавых велічынь штрафу, мастоўскі актывіст Васіль Клімовіч, які ў той дзень увогуле не быў у Свіслачы – Мастоўскім раённым судом – да 9 базавых велічынь.
Уладзімір Хільмановіч каментуе сітуацыю: “Тыя структуры, якія называюць сябе міліцыяй і судом, насамрэч страцілі ўсе прыкметы дзяржаўных органаў, якія стаяць на варце Канстытуцыі і іншага заканадаўства краіны. Гэта тыя органы, якія ажыццяўляюць перадусім сачэнне і незаконны пераслед грамадскіх актывістаў. Я прыязджаю ў Свіслач ужо дваццаць пяць гадоў, амаль столькі ж – традыцыі фэсту Дзень памяці паўстанцаў 1863 году. Разам з сваімі сябрамі, некаторых з якіх ужо няма ў жывых, мы засноўвалі гэты фэст. За ўсе два дзясяткі гадоў удзельнікі свіслацкага Дня памяці аніводнага разу не парушылі заканадаўства. Аднак апошнія гады ўлады сістэмна і паслядоўна пераследуюць людзей фактычна за прысутнасць у Свіслачы, за ўскладанне кветак, за запальванне знічоў і за бел-чырвона-белы сцяг. Яны ўвесь час тупа пішуць у сваіх пратаколах пра наш нацыянальны сцяг – “не зарегистрированный в установленном порядке”. Суддзі гэтак жа тупа паўтараюць гэтую фразу і запісваюць яе ў пастановах, абвяшчаючы карныя выракі. Супраць гэтага “лому” няма ніякага прыёму. Аднак, бел-чырвона-белы сцяг – гэта нідзе і нічым не забароненая сімволіка. Таму мы маем справу з выключна пераследам грамадзян паводле палітычных матываў. Да ўсяго кожны грамадзянін нашай краіны мае права на гістарычную памяць і ўшанаванне продкаў, яго гарантуе Канстытуцыя дзяржавы і на гэта не патрэбна ніякіх выканкамаўскіх дазволаў”.
За ўдзел у Свіслацкім Дні памяці паўстанцаў 1863 году Уладзімір Хільмановіч раней ужо штрафаваўся: у лістападзе 2014-га суддзёй Ленінскага раённага суда Гародні Аленай Пятровай на 35 базавых велічынь, а ў снежні 2015-га – суддзёй Свіслацкага раённага суду Жанай Салагубік на 40 базавых велічынь.