На ўрачыстасцях з Папам Еўропа была прадстаўлена беларускай мовай!



На Кракаўскіх лугах прайшла ўрачыстасць прывітання Папы Францішка.

Папа Францыск

Каталіцкая моладзь з усяго свету горача вітала Пантыфіка. Таксама прайшла цырымонія, на якой былі прадстаўлены ўсе кантыненты. Пры сотнях тысячах пілігрымаў з усяго свету асаблівая ўвага была надзелена беларусам.

Падрабязней распавядае Адам Завальня:

– Папа Францішак прыехаў да пілігрымаў, што сабраліся на Кракаўскіх лугах, на трамваі. Сотні тысяч маладых вернікаў з усяго свету прыбылі, каб сустрэцца з Патыфікам. Тут былі прадстаўлены ўсе часткі свету. Прывітанне Папы пачалося з польскага нацыянальнага танца кракавяк, пазней загучалі рэлігійныя спевы з розных краінаў. Пасля адбылася ўрачыстасць прывітання Папы ўсімі кантынентамі. Кожны кантынент быў прадстаўлены сваёй мовай. А Еўропа – цяжка ў гэта паверыць, але факт – была прадстаўлена беларускай мовай.

Моладзь:

– Гонар за сваю краіну.

– Гэта было класна. Вельмі класна. Мы нават падскочылі, фотку зрабілі. Я проста думала: вось, малітоўнікі зрабілі па-руску, тое па-руску…  А затое ўсю Еўропу мы прадстаўлялі нашай мовай.

Адам Завальня:

– Радасці нашых пілігрымаў не было мяжы. Пазней Папа Францішак прачытаў казанне, дзе яшчэ раз акцэнтаваў увагу на міласэрнасці – галоўнай тэме на Сусветных Днях Моладзі. А таксама адзначыў, што маладыя людзі не павінны баяцца сваіх мараў і ні ў якім разе не маюць права ўпадаць у апатыю. “Каб рэалізаваць сябе – трэба мець адноўленыя сілы, – адзначыў Папа. – І гэта не нейкая рэч, прадмет, а жывая асоба, імя якой – Езус Хрыстус”.

Чакаецца, што ў пятніцу Пантыфік правядзе з моладдзю крыжовы шлях, падчас якога ў разважаннях паспрабуе даць адказы на важныя жыццёвыя пытанні.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Кракаў