На Віктара Сазонава склалі пратакол за Дзень памяці паўстанцаў



Тлумачыць гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў:

– Адной з галоўных мэтаў майго наведвання гэтай традыцыйнай на Гарадзеншчыне імпрэзы, быў мой абавязак як праваабаронцы адсачыць і адманіторыць сітуацыю ў Свіслачы, дзе ўжо многа год запар улады бязлітасна караюць тых, хто ў апошні тыдзень кастрычніка збіраюцца ў гэтым раённым цэнтры, каб на магіле Віктара Каліноўскага, ля помнікаў Кастусю Каліноўскаму і іншых паўстанцаў, а таксама на родавай сядзібе Каліноўскіх у Якушоўцы аддаць даніну павагі тым, хто аддаў свае жыцці за Беларусь. Гэтым ускладаннем кветак да памятных мясцін, звязаных з нацыянальна-вызвольным паўстаннем, неабыякавыя да лёсу сваёй Бацькаўшчыны беларусы пачынаюць на Гарадзеншчыне таксама традыцыйныя “Дзяды”. Імпрэзы штогод праходзілі мірна, без якіх парушэнняў. Іх наведваюць прадстаўнікі з усіх куткоў Беларусі.

svislacz-32

Але ў апошнія гады наведвальнікаў Свіслачы за гэта беспадстаўна каралі.

У гэтым годзе ўлады і сістэмы беларускай аховы парадку пераўзышлі самы сябе. Такога цынізму не чакалі нават тыя, хто прысутнічаў на судзе, дзе некалі пакаралі чалавека без рукі, за тое, што той нібыта пляскаў у далоні. Зноў жа гарадзенца. Свіслацкая справа па цынізме пераўзышла і гэта. Ужо асудзілі праз суд і пакаралі за ўдзел у гэтай імпрэзе чалавека, які там увогуле не быў, і нават не ведаў, што там у той Свіслачы робіцца ў гэты момант. Да другога чалавека, які спазніўся на імпрэзу і прыехаў у канцы, калі людзі па старой беларускай традыцыі ўжо збіраліся памянуць памёрлых, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі скласці пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Безумоўна, такое бяспраўе трэба маніторыць, адсачыць і зафіксаваць.

Хачу адзначыць, што ў гэты дзень я пільна сачыў як за дзеяннямі праехаўшых для ўшанавання памяці паўстанцаў, так і за дзеяннямі міліцыі і спецслужбаў, якіх было безліч і якія ўсё здымалі на мноства відэакамер.

svislach_dmuh4

Дык вось, аніводзін супрацоўнік ні міліцыі, ні іншых службаў не папярэдзіў аніводнага разу, і аніводнага чалавека, што прысутныя нешта парушаюць. Не папярэдзілі і пра тое, што гэта мітынг ці пікет ці яшчэ што. Ці што гэта несанкцыяынаваная акцыя. Аніводнага папярэджання. Гэта ўскосна падцвярджае, што аніякай несанкцыянаванай акцыяй прыход людзей на могілкі і да афіцыйных помнікаў для ўскладання кветак у жалобны дзень, дзеянні прысутных нельга было разглядаць і супрацоўнікі міліцыі ў той дзень гэта як парушэнне і не разглядалі.

А пасля гэтыя супрацоўнікі-маўчуны пачынаюць складаць пратаколы за несанкцыянаваную акцыю. Дык у такім выпадку іх самых трэба прыцягваць да адказнасці за невыкананне сваіх службовых абавязкаў. Бо калі яны бачылі нейкія дзеянні, якія лічылі парушэннем заканадаўства, то яны мусілі папярэдзіць пра гэта грамадзянаў з мэтай спынення парушэнняў. Але гэтага не было. Бо не было і парушэнняў.

Зараз мы, гарадзенскія праваабаронцы, працягваем сачыць за гэтай цынічнай помстай уладаў тым, хто лічыць сябе беларусам і мае маральныя абавязкі ўшаноўваць сваіх нацыянальных герояў. Мы вырашылі прасачыць увесь ход справы, ад пратаколаў і судоў да рашэнняў КПЧ, куды людзі будуць масава скардзіцца гэтым годам. Бо пошук справядлівасці лагічна вядзе іх за межы нашай судовай сістэмы да міжнароднага права. І ўжо мы сталі сведкамі такіх невытлумачальных дзеянняў, пра што я казаў вышэй, як асуджэнне чалавека якога там зусім не было. Гэта сведчыць пра стан нашай праваахоўчай і судовай сістэмы і паказвае, якой яна ёсць у рэальнасці. Поўны аналіз свіслацкай справы мы агучым пазней, ак пройдуць усе суды.

svislacz-13

Зараз і мяне абвінавацілі ў прамым удзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Склалі пратакол. Наперадзе суд і прысуд. Цудоўна. Мне будзе што патлумачыць у КПЧ.

А то ў Еўропе пачалі з’яўляцца галасы, якія гавораць пра лібералізацыю ў Беларусі.

harodniaspring.org