На Вітольда Ашурка склалі пратакол за экалагічны пікет
Грамадскі актывіст зладзіў адзіночын пікет у цэнтры Бярозаўкі з мэтаю нагадаць жыхарам горада пра існуючую экалагічную праблему, якая ўзнікла пасля ўвядзення ў строй вытворчасці шкловаты.
Пікетовец выставіў стэнды з плакатамі, на якіх было напісана “Шкловата – смерць Бярозаўкі” і зварот да дырэктара шклозавода “Нёман” – “Бацян! Калі мы пачнем паміраць?”. Актывіст так безперашкодна прастаяў паўтары гадзіны. Аднак праз некалькі дзён да яго ўсе ж такі прыйшлі міліцыянты і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Справа будзе накіраваная ў суд Лідскага раёна.
– Тут справа ўжо не ў справядлівасці, а ў здаровым сэнсе. Тыя злодзеі, якія забрудзілі наш горад хімічнымі рэчывамі, небяспечнымі для здароўя і жыцця, яны – на волі. Яны шыкоўна сябе адчуваюць. Тыя, хто пратэстуе супраць гэтага самаўпраўства, штрафуюцца, на іх робіцца ціск. Гэта квінтэсэнцыя нэабальшавізму.
Вытворчасць шкловаты “Нёман+” на шклозаводзе “Нёман” распачатая ў Бярозаўцы год таму. З таго часу горад напаўняе спецыфічны пах хімчных выкідаў гэтай вытворчасці, на якой выкарыстоўваюцца такія небяспечныя для здароўя чалавека рэчывы як фенолы і фармальдэгіды.
Беларускае Радыё Рацыя, Бярозаўка