На Віцебшчыне аднавілі шэсць польскіх могілак
Шэсць старых могілак польскіх жаўнераў былі адноўлены ў Віцебскай вобласці. Яны загінулі яшчэ ў часы савецка-польскай вайны ў 1920 годзе. Упарадкавалі могілкі ў Глыбокім, Падсвіллі, Задарожжы, Докшыцах, Дунілавічах і Язна за сродкі польскай дзяржавы. У аграгарадку Язна, што ў Мёрскім раёне, на старых каталіцкіх могілках пахавана каля 40 польскіх жаўнераў.
Па словах жыхаркі Язна Евы Астроўскай, раней старыя каталіцкія могілкі даглядалі толькі мясцовыя жыхары, цяпер дапамагаюць ім у гэтым і мясцовыя ўлады:
– Усе магілы жаўнераў, усё гэта было разбурана, усё было павалена, пабіта. Усе могілкі абнавілі, усё зрабілі. ЖКГ цяпер прыбірае гэтыя могілкі. Спілілі ўсё, узялі сабе на атапленне кацельнай. Цяпер ужо прыбіраюць ад сельсавета.
Пасля аднаўлення могілак у Язна, іх асвяціў ксёндз з Дзісны. Мясцовыя жыхары чакалі і высокіх гасцей з Польшчы. Але міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч і амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі наведалі толькі могілкі ў вёсцы Дунілавічы Докшыцкага раёна.
Нядаўна ўшанаваць памяць загінулых у Язна прыязджалі і польскія байкеры.
Могілкі ў Язна.
Могілкі ў Дунілавічах.
Могілкі ў Глыбокім.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя