На Віцебшчыне будуць сустракаць буслоў



Свята сустрэчы буслоў плануецца адбыцца 30 красавіка ў Росіцы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Яно будзе праводзіцца ўпершыню, ідэя гэтай падзеі належыць ксяндзу, лаўрэату прэміі “За духоўнае адраджэнне” Чэславу Курэчку.

Як аказалася, ён не толькі выдатны кухар і кветкавод, але і аматар птушак. А больш за ўсё, яшчэ з дзяцінства, ён захапляецца бусламі і да гэтай пары робіць для іх гнёзды.

Паводле Чэслава Курэчкі, аказваць дапамогу ў правядзенні свята будуць яго сябры, парафіяне росіцкага касцёла.

– Гэта будзе цікава і прыгожа. Ёсць у мяне людзі творчыя, таму напэўна будуць вершы пра любоў да сваёй краіны і сям’і, спевы ў выглядзе невялікай малітвы, пачастунак для пілігрымаў і прыгожая выстава.

Бусел – гэта сімвал Беларусі, сімвал сям’і. Сваю Радзіму трэба любіць і рабіць яе яшчэ больш прыгажэйшай,” – адзначае святар. А тых, хто любіць прыроду, сваю Радзіму і буслоў, ён шчыра запрашае наведаць Росіцу 30 красавіка.

kurechka_svjata_buslou

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае