На Віцебшчыне чарговы раз судзілі незалежных журналістаў (абноўлена)
Ціск на журналістаў-фрылансераў. У Глыбокім прайшоў суд па справах Змітра Лупача, які супрацоўнічае з тэлеканалам Белсат, і над журналісткай-фрылансерам Таццянай Смоткінай. Абодвух абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі. Мы звязаліся з Таццянай па тэлефоне.
– Нас вінавацяць у тым, што мы ўзялі інтэрв’ю і такім чынам здзейснілі незаконны выраб прадукцыі СМІ. Матэрыялы з’явіліся на сайце Беларускага Радыё Рацыя пад назвамі “Безмежжа міліцыянтаў, або За што ламаюць ногі пенсіянерам”. На Белсаце быў матэрыял таксама на гэтую тэматыку, але ён называўся “Чаму міліцыянты збіваюць пенсіянераў”. Таксама яшчэ на мяне былі складзены тры пратаколы, а ў пятніцу – чацвёрты. Яшчэ справа датычылася матэрыяла “Як гарадская каналізацыя ў Глыбокім стварыла праблемы” і матэрыяла пра выставу ў Глыбокім, якая называлася “Юбілейныя сімвалы ў Глыбокім”.
Вырак суду: 45 базавых велічыняў Смоткінай, і 35 – базавых Лупачу. Журналістка тлумачыць актывізацыю ціску з боку міліцыі.
Па-першае, мы закранулі такую тэму, яе мала хто кранае, бязмежжа міліцыянтаў. Падрыхтавалі матэрыял, у якім выкрываецца дзеянне віцебскіх міліцыянтаў, якія зламалі нагу пенсіянеру. Яму 80 год. А потым мы часта бярэмся за сацыяльныя тэмы. Да нас звяртаюцца людзі як да апошняй інстанцыі. Я не кажу, што ўсе праблемы вырашаюцца, але часам праблемы ўсё ж такі вырашаюцца калі мы робім матэрыялы. Тым больш, што мяне нядаўна запрашалі на перадачу Калінкінай на тэлеканал Белсат. Таксама, напэўна, паглядзелі, што я там выказвалася крытычна ў адрас нашых уладаў. Можа яшчэ і таму.
Таксама сёння ў Паставах прайшоў суд па справе Змітра Лупача. Нагоднай стаў матэрыял пра наданне Лынтупам статусу аграгарадка. У гэтым выпадку суд пастанавіў спыніць справу, з-за таго што тэрміны прыцягнення да адказнасці мінулі.
* * *
Ціск на незалежных журналістаў працягваецца. У Паставах прайшоў суд па справе Змітра Лупача. На пасяджанні прысутнічала карэспандэнтка Радыё Рацыя Таццяна Смокіна:
— Суд адбыўся, але мы загадзя ведалі, што тэрміны прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўжо сышлі, таму суд пастанавіў спыніць справу. У нас тут розныя меркаванні, можа для таго, каб паказаць, што суд нібы правільны і робіць справядлівыя высновы. Можа таму так адбылося, але загадзя было вядома, што тэрміны на прыцягненне яго да адказнасці сышлі.
РР: Нагадайце, што стала падставай для гэтага суда.
— Быццам бы ён вырабіў матэрыял незаконным чынам і размясціў на сайце belsat.eu. Гэты матэрыял датычыўся пасёлка Лынтупы, які з цягам часу маюць пераўтварыць у аграгарадок.
Сёння ў Глыбокім адбудзецца яшчэ адзін суд з удзелам Лупача й Смоткінай. Абодвух абвінавачваюць у незаконным вырабе й распаўсюдзе інфармацыі.
Беларускае Радыё Рацыя