На волі яшчэ адзін фігурант справы „Белага легіёна”



Яшчэ адзін фігурант справы „Белага легіёна” — мастак-дызайнер Андрэй Бяляўскі — адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Паводле інфармацыі праваабарончага сайта spring96.org, яго адпусцілі 2 чэрвеня. Вызваленне пацвердзіла маці Бяляўскага Таццяна Аляксееўна. Яна кажа, што яе сын цяпер дома.

Як паведамлялася раней, у той жа дзень з СІЗА №1 таксама пад падпіску аб нявыездзе быў вызвалены Сяргей Кунцэвіч, паплечнік апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча па аргкамітэце Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), кіраўнік інфармацыйнай групы партыі. Кунцэвіч быў адзіным зняволеным фігурантам справы „аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, якому не выстаўлялася дадатковае абвінавачанне, звязанае са стварэннем узброенага фарміравання.

Пасля вызвалення ў інтэрв’ю „Радыё Свабода” Кунцэвіч расказаў, што ў СІЗА КДБ, дзе ён знаходзіўся першыя дні пасля затрымання, яго катавалі электрашокерам, спрабуючы даведацца месцазнаходжанне Статкевіча.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на гэты момант пад вартай застаюцца 14 фігурантаў па справе „Белага легіёна”, якім выстаўленыя абвінавачванні ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў і стварэнні ўзброенага фарміравання.

Затрыманні паводле абвінавачання ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў пра „баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй”. Праз два дні дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе былі затрыманыя больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба „Белы легіён” (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба „Патрыёт” і не зарэгістраванага ў Беларусі „Маладога фронту”. Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, дамашні арышт), а некаторым працягнулі тэрмін утрымання пад вартай, з дваіх — Мікалая Міхалькова і яго сына Яна — абвінавачанні знятыя.

Афіцыйнай інфармацыі пра ход расследавання справы па-ранейшаму няма, піша БелаПАН.