На волю выйшаў Алесь Яўсеянка
З гомельскага ізалятара часовага ўтрымання пачалі выходзіць апазіцыянеры, арыштаваныя напярэдадні Дня Волі. Праваабаронца Алесь Яўсеянка правёў у ізалятары 3 сутак па абвінавачанні ў лаянцы матам і непадпарадкаванні міліцыянтам. Умовы ўтрымання ў ізалятары Алесь Яўсеянка назваў абуральнымі:
– Камера, у якой мы знаходзіліся, пяць крокаў у даўжыню і чатыры – ў шырыню. У камеры знаходзяцца нары ў два ярусы, тумбачка, рукамыйнік і прыбіральня. Святла ня бачна, цэлы дзень і ноч лямпачка свеціць, вентыляцыі няма. У мяне на трэці дзень разбалелася галава, відаць, не хапала кісларода. Набраў бутэльку вады з крана. Вада смярдзіць так, нібы ў ёй ацэтон ці саляра.
Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта па Гомельшчыне Алесь Яўсеянка раніцай 24 сакавіка накіроўваўся ў суд Савецкага раёна, але па дарозе быў затрыманы байцамі АМАП.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель